1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:
2 «Аддзялі спаміж сыноў Левія сыноў Кегата, паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,
3 ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб выконвалі работу ў Намёце Спатканьня.
4 Гэта вось служба сыноў Кегата ў Намёце Спатканьня — [насіць] сьвятое сьвятых.
5 І ўвойдуць Аарон і сыны ягоныя, і здымуць заслону, што вісіць перад [Каўчэгам], і накрыюць ёю Каўчэг Сьведчаньня.
6 І паложаць на яго накрыцьцё са скуры тахаш, і над ім расьцягнуць тканіну, усю з блакіту, а потым укладуць насілы ягоныя.
7 І стол хлябоў пакладных накрыюць тканінаю з блакіту, і паставяць на ім посуд, талеркі, чашы і кубкі на ахвяры вадкія; і хлябы пакладныя будуць на ім.
8 І паложаць на іх тканіну кармазыновую, і накрыюць накрыцьцём са скураў тахаш, і ўкладуць насілы ягоныя.
9 І возьмуць тканіну з блакіту, і накрыюць ёй сьвечнік асьвятленьня, лямпы ягоныя, нажніцы, пасудзіны на кнаты і ўсе пасудзіны для алею, ужываныя пры ім.
10 І ўсё гэтае накрыюць накрыцьцём са скуры тахаш, і пакладуць на насілы.
11 І на ахвярнік залаты паложаць тканіну з блакіту, і накрыюць яго накрыцьцём са скуры тахаш, і ўкладуць насілы.
12 І возьмуць усе прыналежнасьці, ужываныя для службы ў сьвятыні, і накрыюць іх тканінай з блакіту і накрыцьцём са скуры тахаш, і пакладуць на насілы.
13 І ачысьцяць ахвярнік [ад попелу], і накрыюць яго тканінаю з пурпуру.
14 І пакладуць на ім увесь посуд, ужываны для службы пры [ахвярніку]: папяльніцы, вілкі, лапаткі, крапільнікі. Усе гэтыя прыналежнасьці ахвярніка накрыюць накрыцьцём са скуры тахаш і ўкладуць насілы.
15 Пры складваньні табару, калі Аарон і сыны ягоныя скончаць накрываць [рэчы] сьвятыя і ўсе прыналежнасьці сьвятыні, падыйдуць сыны Кегата, каб іх несьці. І нельга ім дакранацца [рэчаў] сьвятых, каб не памерлі. Такі вось цяжар сыноў Кегата пры Намёце Спатканьня.
16 А Элеазар, сын Аарона сьвятара, будзе рупіцца пра алей на асьвятленьне, пра пахкія кадзілы, пра заўсёдную ахвяру хлебную, і пра алей памазаньня, і пра ўсё, патрэбнае для [служэньня] ў Сялібе, пра сьвятыню і прыналежнасьці ейныя».
17 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
18 «Не дазвольце зьнікнуць сям’і Кегата сярод лявітаў,
19 але рабіце так, каб яны жылі і не памерлі, калі будуць набліжацца да Сьвятога Сьвятых. Аарон і сыны ягоныя няхай прыйдуць і вызначаць кожнаму служэньне ягонае і цяжар, [які маюць несьці].
20 Але [лявіты] няхай не ўваходзяць [у сьвятыню] хоць на хвіліну, каб паглядзець, і не памруць».
21 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
22 «Палічы сыноў Гершона паводле дамоў бацькоў іхніх і паводле сем’яў іхніх.
23 Палічы ўсіх ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб выконвалі служэньне ў Намёце Спатканьня.
24 Вось служэньне сям’і Гершона, якое яны будуць рабіць, і цяжары [іхнія].
25 Яны будуць насіць заслоны Сялібы і Намёт Спатканьня, і накрыцьцё ягонае, і накрыцьцё са [скуры] тахаш, якое на ім, і заслону, што каля ўваходу ў Намёт Спатканьня,
26 і заслоны панадворку, і заслону каля ўваходу ў панадворак, які вакол Сялібы і ахвярніка, і вяроўкі, і ўсе прыналежнасьці, патрэбныя для служэньня, і ўсё, што зроблена для іх і служэньня іхняга.
27 Паводле [слова] з вуснаў Аарона і сыноў ягоных будзе [праходзіць] усё служэньне сыноў Гершона пры пераносцы цяжараў і пры ўсякім служэньні іхнім. Даручы ім пільнаваць усё, што яны носяць.
28 Гэта служэньне сыноў Гершона ў Намёце Спатканьня. Будуць яны пад наглядам Ітамара, сына Аарона сьвятара.
29 Палічы сыноў Мэрары паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,
30 ад трыццаці да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб служыць у Намёце Спатканьня.
31 І гэта абавязкі іхнія ў-ва ўсім служэньні ў Намёце Спатканьня: [насіць] дошкі Сялібы і жэрдкі яе, слупкі яе і падставы іх,
32 і слупкі панадворку з усіх бакоў і падставы іхнія, калкі намёту і вяроўкі іхнія, і ўсе рэчы пры іх, і ўсе прыналежнасьці іхнія, і запішыце ўсе рэчы, якія яны павінны насіць.
33 Гэта служэньне сем’яў сыноў Мэрары адносна служэньня іх у Намёце Спатканьня. Будуць яны пад наглядам Ітамара, сына Аарона сьвятара».
34 І Майсей, і Аарон, і князі грамады палічылі сыноў Кегата паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,
35 ад трыццаці гадоў і аж да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб служыць у Намёце Спатканьня.
36 І было налічана іх паводле сем’яў іхніх дзьве тысячы семсот пяцьдзясят.
37 Гэта палічаныя сем’і Кегата, усе, якія служаць у Намёце Спатканьня, якіх палічыў Майсей і Аарон паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, дадзенага праз Майсея.
38 І былі палічаны сыны Гершона паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,
39 ад трыццаці гадоў і аж да пяцідзесяці гадоў, усе, здольныя да службы, каб служыць у Намёце Спатканьня.
40 І было налічана іх паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх дзьве тысячы шэсьцьсот трыццаць.
41 Гэта палічаныя сем’і сыноў Гершона, усе, якія служаць у Намёце Спатканьня, якіх палічылі Майсей і Аарон паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА.
42 І былі палічаны сем’і сыноў Мэрары паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,
43 ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усе, здольныя да службы, каб служыць у Намёце Спатканьня.
44 І было налічана іх паводле сем’яў іхніх тры тысячы дзьвесьце.
45 Гэта палічаныя сем’і сыноў Мэрары, якіх палічылі Майсей і Аарон паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, дадзенага праз Майсея.
46 Былі палічаныя ўсе лявіты, якіх палічылі Майсей, і Аарон, і князі Ізраіля паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,
47 ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да спаўненьня службы ў Сялібе і да працаў пры [нашэньні] цяжараў у Намёце Спатканьня.
48 І было налічана іх восем тысячаў пяцьсот восемдзясят.
49 Паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, дадзенага Майсею, прызначаны яны кожны да свайго служэньня і для [нашэньня] цяжару свайго. І былі яны палічаны, як загадаў ГОСПАД Майсею.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лікі, 4 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.