Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Другазаконьне 5 Другазаконьне 5 раздзел

1 І склікаў Майсей усяго Ізраіля, і сказаў ім: «Слухай, Ізраіль, пастановы і прысуды, якія я сёньня прамаўляю ў вушы вашыя, каб вы навучыліся ім і каб захоўвалі іх і выконвалі іх.
2 ГОСПАД, Бог наш, заключыў запавет з намі на Харэве.
3 Не з бацькамі нашымі заключыў Ён запавет гэты, але з намі, якія тут сёньня ўсе жывём.
4 Абліччам да аблічча гаварыў з вамі ГОСПАД на гары з сярэдзіны агню.
5 У той час я стаяў між ГОСПАДАМ і вамі, каб вам абвясьціць слова ГОСПАДА, бо вы баяліся агню і не ўзыйшлі на гару, калі Ён казаў:
6 “Я — ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.
7 Ня будзеш мець іншых багоў перад абліччам Маім.
8 Не рабі сабе статуі і ніякай выявы таго, што на небе высока і што на зямлі нізка, і што ў вадзе ніжэй зямлі.
9 Ня будзеш пакланяцца ім і ня будзеш служыць ім, бо Я — ГОСПАД, Бог твой, Бог зайздросны, Які карае за беззаконьні бацькоў дзяцей да трэцяга і чацьвёртага [пакаленьня] тых, што ненавідзяць Мяне,
10 і Які чыніць міласэрнасьць тысячам [пакаленьняў] тых, што любяць Мяне і захоўваюць прыказаньні Мае.
11 Не ўжывай імя ГОСПАДА, Бога твайго, для марноты, бо ГОСПАД не пакіне без пакараньня таго, хто гаворыць імя Ягонае для марноты.
12 Захоўвай дзень супачынку, каб сьвяціць яго, як загадаў табе ГОСПАД, Бог твой.
13 Шэсьць дзён будзеш працаваць і будзеш рабіць усю работу тваю,
14 а дзень сёмы — супачынак для ГОСПАДА, Бога твайго. Ня будзеш рабіць аніякай работы ты і сын твой, і дачка твая, і слуга твой, і служка твая, і вол твой, і асёл твой, і ўся жывёла твая, і прыхадзень, які ў брамах тваіх, каб адпачыў слуга твой і служка твая, як і ты.
15 І памятай, што ты быў нявольнікам у зямлі Эгіпецкай, і што вывеў цябе адтуль ГОСПАД, Бог твой, рукою моцнаю і рамяном узьнятым, і таму загадаў табе ГОСПАД, Бог твой, адзначаць дзень супачынку.
16 Шануй бацьку твайго і маці тваю, як загадаў табе ГОСПАД, Бог твой, каб працягнуліся дні твае і добра табе было на зямлі, якую ГОСПАД, Бог твой, дае табе.
17 Не забівай [як забойца].
18 Не чужалож.
19 Не крадзі.
20 Ня сьведчы супраць бліжняга твайго сьведчаньнем фальшывым.
21 Не жадай жонкі бліжняга твайго, і не жадай ані дому бліжняга твайго, ані поля ягонага, ані слугі ягонага, ані служкі ягонай, ані вала ягонага, ані асла ягонага, ані нечага з таго, што ў бліжняга твайго”.
22 Словы гэтыя прамовіў ГОСПАД да ўсёй царквы вашай на гары, з сярэдзіны агню і хмары, і змроку голасам моцным, і нічога больш не гаварыў; і напісаў гэта на двух табліцах каменных, якія даў мне.
23 І вось, калі пачулі вы голас спасярод цемры і калі ўбачылі гару, якая гарэла агнём, падыйшлі да мяне ўсе галовы каленаў вашых і старшыні,
24 і сказалі мне: “Вось, зьявіў нам ГОСПАД, Бог наш, славу Сваю і веліч Сваю. Мы чулі голас Ягоны з сярэдзіны агню і пераканаліся сёньня, што Бог можа прамовіць да чалавека, і ён застанецца жывы.
25 Але цяпер навошта мы маем паміраць? Бо праглыне нас гэты агонь вялікі; калі мы яшчэ будзем слухаць голас ГОСПАДА, Бога нашага, мы паўміраем.
26 Бо хто з тых, якія чулі, як мы, голас Бога Жывога, Які прамаўляе з сярэдзіны агню, і застаўся жывым?
27 Ты сам падыйдзі і выслухай усё, што скажа ГОСПАД, Бог наш, і ты перакажаш нам усё, што скажа табе ГОСПАД, Бог наш, і мы выслухаем, і зробім [гэта]”.
28 І пачуў ГОСПАД голас словаў вашых да мяне, і сказаў мне ГОСПАД: “Я чуў голас словаў народу гэтага, што яны казалі табе. Усё добра яны казалі.
29 Хто дасьць ім, каб засталося ў сэрцы іхнім, каб яны баяліся Мяне і захоўвалі ўсе прыказаньні Мае ўсе дні, каб добра ім было і сынам іхнім на вякі?
30 Ідзі і скажы ім: "Вярніцеся ў намёты вашыя".
31 А ты застанься тут са Мною, і Я скажу табе ўсе прыказаньні, пастановы і прысуды, якім ты навучыш іх, і яны будуць выконваць іх у зямлі, якую Я дам ім на ўласнасьць”.
32 Дык захоўвайце і выконвайце тое, што загадаў вам ГОСПАД, Бог ваш, і не адхіляйцеся ані ўправа, ані ўлева.
33 У-ва ўсім ідзіце дакладна тым шляхам, які загадаў вам ГОСПАД, Бог ваш, каб вы жылі і былі шчасьлівыя, і каб доўгімі былі дні вашыя на зямлі, якую атрымаеце.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Другазаконьне, 5 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.