Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

1 Самуэля 9 1 Самуэля 9 раздзел

1 І быў адзін ваяр мужны з [роду] Бэн’яміна, на імя Кіш, сын Абіэля, сына Цэрора, сына Бэхарата, сына Афіяха, сына Бэн’яміна.
2 І быў у яго сын, імя якога Саўл, малады і прыгожы, і не было спаміж сыноў Ізраіля лепшага за яго. Ён быў на галаву вышэй ад усяго народу.
3 І прапалі ў Кіша, бацькі Саўла, асьліцы. І сказаў Кіш Саўлу, сыну свайму: «Вазьмі з сабой аднаго са слугаў, устань і ідзі, пашукай асьліцаў».
4 І прайшоў ён гару Эфраіма і зямлю Шаліша, і не знайшоў. І прайшлі яны зямлю Шаалім, і не было іх, пасьля зямлю Бэн’яміна, і не знайшлі.
5 І прыйшлі яны ў зямлю Цуф, і сказаў Саўл слузе свайму, які [быў] з ім: «Хадзем, вернемся, каб бацька мой, забыўшыся пра асьліцаў, ня стаў хвалявацца пра нас».
6 [Слуга] сказаў яму: «Вось, у гэтым горадзе жыве чалавек Божы, чалавек шанаваны. Усё, што ён кажа, спаўняецца. Дык давай зойдзем туды, можа, ён распавядзе нам пра шлях, па якім нам трэба ісьці».
7 І сказаў Саўл слузе свайму: «Так, зойдзем. Але што падаруем мы чалавеку гэтаму? Хлеб скончыўся ў торбах нашых, а падарунка ня маем, які маглі б прынесьці чалавеку Божаму. Што мы маем?»
8 А слуга зноў сказаў Саўлу: «Вось, я знайшоў у руцэ маёй чвэрць сыкля срэбра, дык дамо гэта чалавеку Божаму, а ён распавядзе нам пра шлях наш».
9 Раней у Ізраілі кожны, хто ішоў параіцца ў Бога, так казаў: «Хадземце да відушчага»; бо хто сёньня называецца прарокам, раней называўся відушчым.
10 І сказаў Саўл слузе свайму: «Добра ты сказаў, давай пойдзем». І пайшлі яны ў горад, у якім жыў чалавек Божы.
11 Калі яны падыйшлі да гораду, напаткалі дзяўчат, якія выходзілі чэрпаць ваду, і спыталіся ў іх: «Ці тут жыве відушчы?»
12 Яны адказалі ім, кажучы: «Тут, вось, перад табой. Пасьпяшайся цяпер, бо сёньня ён прыйшоў у горад, бо сёньня народ складае ахвяру на ўзгорку.
13 Калі ўвойдзеце ў горад, сустрэнеце яго там, перш чым пойдзе частавацца на ўзгорак, бо народ ня есьць, пакуль ён ня прыйдзе. Бо ён дабраслаўляе ахвяру, і тады толькі ядуць запрошаныя. Дык ідзіце, зараз яго сустрэнеце».
14 І падняліся яны ў горад. Калі яны ўвайшлі ў горад, вось, Самуэль ідзе насустрач ім, каб падняцца на ўзгорак.
15 А ГОСПАД аб’явіў Самуэлю на дзень раней, перад прыйсьцем Саўла, кажучы:
16 «Заўтра ў гэтую самую пару пашлю да цябе чалавека з зямлі Бэн’яміна. Ты памажаш яго на валадара народу Майго Ізраіля. Ён вызваліць народ Мой з рук Філістынцаў, бо Я ўзглянуў на народ Мой, бо лямант ягоны дайшоў да Мяне».
17 Калі Самуэль глянуў на Саўла, ГОСПАД сказаў яму: «Гэта той чалавек, пра якога Я казаў табе. Ён будзе валадаром над народам Маім».
18 І Саўл падыйшоў да Самуэля ў браме, і сказаў: «Пакажы мне, калі ласка, дзе дом відушчага?»
19 Самуэль адказаў Саўлу, кажучы: «Я — відушчы. Узыйдзі да мяне на ўзгорак, і падсілкуемся сёньня разам. Я адпушчу цябе раніцаю і скажу табе ўсё, што трывожыць сэрца тваё.
20 А што датычыць асьліцаў, якія прапалі тры дні таму, не клапаціся, бо яны ўжо знайшліся. Бо каму будзе належаць усё, што найлепшае ў Ізраілі? Ці ж не табе і ўсяму дому бацькі твайго?»
21 Адказаў Саўл яму і сказаў: «Ці ж я не Бэн’ямінец, з найменшага калена Ізраіля? І сям’я мая ці не найменшая з усіх сем’яў калена Бэн’яміна? Чаму тады ты гаворыш мне словы гэтыя?»
22 І ўзяў Самуэль Саўла і слугу ягонага, і ўвёў іх у пакой, і даў ім першае месца між запрошанымі, якіх было каля трыццаці чалавек.
23 І сказаў Самуэль кухару: «Дай тую частку, якую я даў табе і пра якую казаў табе: “Адкладзі яе ў сябе”».
24 І кухар узяў сьцягно і тое, што было пры ім, і палажыў перад Саўлам. І сказаў [Самуэль]: «Вось тое, што пакінутае. Палажы перад сабой і еш, бо гэта раней захавана для цябе, калі я вырашыў склікаць людзей». У той дзень елі разам Саўл з Самуэлем.
25 І зыйшлі яны з узгорку ў горад. І ён размаўляў з Саўлам на даху.
26 Калі раніцай яны ўсталі і ўжо разьвіднела, паклікаў Самуэль Саўла на дах і сказаў: «Уставай, я цябе правяду». І ўстаў Саўл, і выйшлі яны абодва, ён і Самуэль.
27 І калі падыходзілі яны да канца гораду, Самуэль сказаў Саўлу: «Скажы слузе, каб пайшоў перад намі». І калі ён пайшоў, сказаў: «Ты цяпер спыніся, і я абвяшчу табе слова Бога».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуэля, 9 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.