1 Спачатку стварыў Бог неба і зямлю.
2 Зямля была пустая і неабжытая; і цемра над абліччам бяздоння, і Дух Божы ўзносіўся над водамі.
3 І сказаў Бог: «Хай станецца святло!» І сталася святло.
4 І бачыў Бог, што святло было добрае, і раздзяліў Бог святло і цемру.
5 І назваў Бог святло днём, а цемру — ноччу. І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень першы.
6 Потым сказаў Бог: «Хай станецца цвярдыня сярод водаў і хай аддзеліць воды ад водаў».
7 І зрабіў Бог цвярдыню, і аддзяліў воды, якія былі пад цвярдыняй, ад тых, якія былі над цвярдыняй. І сталася гэтак.
8 І назваў Бог цвярдыню небам. І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень другі.
9 Сказаў зноў Бог: «Хай збяруцца воды, якія пад небам, у адно месца, і хай з’явіцца сухмень». І сталася гэтак.
10 І назваў Бог сухмень зямлёю, а сабранне водаў назваў морамі. І бачыў Бог, што гэта добра.
11 Дык сказаў Бог: «Хай родзіць зямля зелень, і траву, што дае насенне, і дрэва пладаноснае, што дае плод па гатунку сваім, насенне якога — у сабе [самім] на зямлі». І сталася гэтак.
12 І выдала зямля траву зялёную і траву, якая прыносіць насенне па гатунку сваім, і дрэвы, якія даюць плады і маюць у сабе насенне паводле гатунку свайго. І бачыў Бог, што гэта добра.
13 І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень трэці.
14 Потым сказаў Бог: «Хай з’явяцца свяцілы на цвярдыні неба, каб аддзялялі дзень ад ночы, і хай будуць на знакі часоў, і дзён, і гадоў,
15 каб свяцілі на цвярдыні неба і асвятлялі зямлю». І сталася гэтак.
16 І стварыў Бог два свяцілы велізарныя: свяціла большае, каб валадарыла над днём, і свяціла меншае, каб валадарыла над ноччу, і зоркі.
17 І размясціў іх Бог на цвярдыні неба, каб свяцілі яны на зямлю,
18 і валадарылі над днём і ноччу, і аддзялялі святло ад цемры. І бачыў Бог, што гэта добра.
19 І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень чацвёрты.
20 Сказаў таксама Бог: «Хай народзяць воды паўзуноў, жывыя істоты, і птушкі хай лётаюць над зямлёй пад цвярдыняй неба».
21 І стварыў Бог вялізных марскіх жывёл і ўсялякую істоту жывую і рухавую, якую нараджаюць воды, паводле гатункаў сваіх, і ўсялякіх птушак паводле роду свайго. І бачыў Бог, што гэта добра.
22 І дабраславіў іх Бог, кажучы: «Расціце і размнажайцеся, і запаўняйце воды мора, а птушкі хай размнажаюцца над зямлёю».
23 І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень пяты.
24 Сказаў таксама Бог: «Хай выдасць зямля жывую істоту ў родзе сваім: жывёл, і паўзуноў, і звяроў зямных паводле гатункаў сваіх». І сталася гэтак.
25 І стварыў Бог звяроў зямных па гатунках сваіх, і жывёлу паводле гатункаў сваіх, і ўсякіх паўзуноў зямных у родзе сваім. І бачыў Бог, што гэта добра.
26 Дык сказаў Бог: «Учыньма чалавека на вобраз і падобнасць Нашу; і хай валадараць яны над рыбамі марскімі і птушкамі паднебнымі, і звярамі, і над усёй зямлёй і над усякім паўзуном, які рухаецца па зямлі».
27 І стварыў Бог чалавека на вобраз Свой; на вобраз Бога стварыў яго: мужчынам і жанчынай стварыў іх.
28 І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: «Расціце і размнажайцеся, і запаўняйце зямлю, і падпарадкоўвайце яе сабе, і валадарце над рыбамі марскімі і птушкамі паднебнымі, ды ўсім жывым, што рухаецца па зямлі».
29 Потым сказаў Бог: «Вось, Я даў вам усякую траву, што дае насенне па ўсёй зямлі, і ўсялякія дрэвы, што маюць у сабе плод дрэва, што прыносіць насенне, каб былі вам на ежу.
30 І ўсім жывунам на зямлі, усякай птушцы паднебнай, ды ўсім, што рухаюцца па зямлі і ў якіх ёсць жывая існасць, Я даў усякую траву зялёную на ежу». І сталася гэтак.
31 І бачыў Бог усё, што стварыў, і вось, было яно вельмі добрае. І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень шосты.
Кніга Роду, 1 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.