Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Цароў 11 1-я Цароў 11 раздзел

1 А цар Саламон пакахаў шматлікіх іншаземных жанчын, апрача дачкі фараона, і маабак, і аманіцянак, і эдомак, і сідонак, і хетэек,
2 з тых народаў, пра якіх Госпад загадаў ізраэльцам: «Не ўваходзьце да іх, і яны хай не ўваходзяць да вас, бо, напэўна, яны адвернуць сэрцы вашы, так што вы пойдзеце за багамі іх». Такім чынам, да іх прыхіліўся Саламон каханнем;
3 і меў ён семсот жонак як царыц і трыста наложніц; і жонкі яго прывабілі сэрца яго.
4 І, калі быў ён ужо стары, папсавана было сэрца яго праз жонак, каб пайшоў ён за чужымі багамі; і сэрца яго не было адданае Госпаду, Богу свайму, як сэрца Давіда, бацькі яго,
5 але стаў Саламон служыць Астарце, багіні сідонцаў, і Мэлькому, ідалу аманіцян.
6 І рабіў Саламон тое, што не падабалася Госпаду, і не ішоў за Госпадам, як Давід, бацька яго.
7 І нават збудаваў Саламон ахвярнік Хамосу, ідалу маабіцянскаму, на гары насупраць Ерузаліма, і Мэлькому, ідалу сыноў Амона;
8 тое ж самае зрабіў ён усім сваім жонкам-чужынкам, якія курылі духмяныя рэчывы і ўскладалі ахвяры сваім багам.
9 Дык разгневаўся Госпад на Саламона за тое, што адвярнуў ён сэрца свае ад Госпада, Бога Ізраэля, Які з’яўляўся яму двойчы
10 і забараняў яму хадзіць за чужымі багамі; і ён не пільнаваў таго, што загадаў яму Госпад.
11 Тады сказаў Госпад Саламону: «За тое, што ты зрабіў гэта і не захаваў запавету Майго і загадаў Маіх, якія Я даў табе, Я забяру царства тваё ад цябе і аддам яго паслугачу твайму.
12 У дні твае, аднак, не зраблю гэтага дзеля Давіда, бацькі твайго; з рукі сына твайго забяру яго.
13 І не ўсё царства забяру, але адно калена дам сыну твайму дзеля Давіда, паслугача Майго, і дзеля Ерузаліма, які Я выбраў».
14 І паставіў Госпад супраціўніка Саламону, Адада эдомца, з царскага роду ў Эдоме.
15 Калі Давід перамог Эдом, і Ёаб, кіраўнік войска, прыйшоў хаваць забітых, а ён забіў усіх мужчын эдомскіх, —
16 бо быў там Ёаб і ўсе ізраэльцы шэсць месяцаў, аж пакуль не забілі ўвесь род мужчынскі ў Эдоме.
17 Сам Адад разам з людзьмі Эдома, з паслугачамі бацькі яго, уцяклі ў Егіпет; а Адад быў яшчэ малым хлопцам.
18 І, калі выйшлі яны з Мадыяна, то прыбылі ў Паран, і ўзялі з сабою людзей з Парана, і прыйшлі ў Егіпет да фараона, цара Егіпецкага, які даў ім дом, яду і выдзеліў зямлю.
19 І знайшоў Адад такую вялікую ласку ў фараона, што ён даў яму за жонку сястру жонкі сваёй, сястру царыцы Тапнэс.
20 І сястра Тапнэс нарадзіла яму сына Гэнубата, і Тапнэс выгадавала яго ў доме фараона, і жыў Гэнубат у фараона разам з сынамі яго.
21 І, калі Адад даведаўся ў Егіпце, што Давід заснуў з бацькамі сваімі і што памёр Ёаб, кіраўнік войска, сказаў ён фараону: «Дазволь мне вярнуцца ў зямлю сваю».
22 І фараон сказаў яму: «Ці табе чаго не хапае ў мяне, што ты хочаш ісці ў зямлю сваю?» І ён адказаў: «Усяго мне стае, але прашу, адпусці мяне».
23 Бог паставіў таксама супраціўніка Саламону, Разона, сына Эліяды, які ўцёк ад Ададэзэра, цара Собы, гаспадара свайго.
24 Ён сабраў да сябе людзей і стаўся правадыром банды, калі Давід забіваў іх, яны пайшлі ў Дамаск, і там абжыліся, і панавалі ў Дамаску.
25 І быў ён ворагам Ізраэля ўва ўсе дні Саламона; і гэта з такой злосцю, што была і ў Адада. І ненавідзеў ён Ізраэля, і панаваў ён у Сірыі.
26 Таксама Ерабаам, сын Набата, эфраімец з Сарэды, паслугач Саламона, імя маці яго Сарва, удава, падняў руку на цара.
27 І вось такая была прычына бунту супраць яго: Саламон пабудаваў Мэло і ўраўнаваў вылам у муры ў горадзе Давіда, бацькі свайго.
28 А Ерабаам быў чалавекам адважным і дужым; і Саламон, бачачы здольнага юнака, паставіў яго наглядчыкам над работамі ўсяго дому Язэпа.
29 Такім чынам, здарылася ў той час, што Ерабаам выйшаў з Ерузаліма, і спаткаў яго на дарозе прарок Ахія з Сіло, апрануты ў новы плашч; а толькі яны адны былі ў полі.
30 І зняў Ахія свой новы плашч, які быў на ім, раздзёр яго на дванаццаць частак,
31 і сказаў Ерабааму: «Вазьмі сабе дзесяць частак; бо вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Вось, Я вырву царства з рукі Саламона і дам табе дзесяць пакаленняў.
32 І толькі адно пакаленне застанецца яму дзеля паслугача Майго, Давіда, і дзеля горада Ерузаліма, які Я выбраў з усіх пакаленняў Ізраэля,
33 бо яны пакінулі Мяне і пакланяліся Астарце, багіні сідонцаў, і Хамосу, богу Мааба, і Мэлькому, богу сыноў Амона, і не хадзілі шляхамі Маімі, каб чыніць справядлівасць перада Мною, і спаўняць загады Мае і прыказанні, як Давід, бацька яго.
34 І Я не забяру з рукі яго ўсё царства, але пакіну яго кіраўніком ва ўсе дні жыцця яго дзеля Давіда, паслугача Майго, якога Я выбраў і які захоўваў настаўленні Мае і загады Мае.
35 А забяру Я царства з рукі сына яго і дам табе дзесяць пакаленняў;
36 а сыну яго Я пакіну адно пакаленне, каб заставаўся светач Давіда, паслугача Майго, перад абліччам Маім ва ўсе дні ў горадзе Ерузаліме, які Я выбраў, каб прабывала там імя Маё.
37 А цябе Я прыму, і ты будзеш цараваць над усім, чаго пажадае душа твая, і будзеш царом над Ізраэлем.
38 Такім чынам, калі ты будзеш слухацца ва ўсім, што Я загадаю табе, і будзеш хадзіць шляхамі Маімі, і будзеш рабіць, што справядліва ў вачах Маіх, пільнуючы прыказанні Мае і загады, як рабіў Давід, паслугач Мой, Я буду з табой і збудую табе дом моцны, як пабудаваў Давіду, і перадам табе Ізраэль,
39 і, акрамя таго, вынішчу нашчадкаў Давіда, але не на ўсе дні”».
40 Такім чынам, Саламон хацеў забіць Ерабаама, які ўстаў і ўцёк у Егіпет да Сэсака, цара Егіпецкага, і быў у Егіпце аж да смерці Саламона.
41 А іншыя дзеянні Саламона, усё, што ён рабіў, і мудрасць яго — вось, усё гэта апісана ў кнізе дзеянняў Саламона;
42 Саламон цараваў над усім Ізраэлем і ў Ерузаліме сорак гадоў.
43 І супачыў Саламон з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў горадзе Давіда, бацькі свайго; і пачаў цараваць замест яго сын яго Рабаам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Цароў, 11 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.