1 Чалавек з пакалення Леві выйшаў і ўзяў жонку са свайго пакалення;
2 яна пачала, і нарадзіла сына, і, бачачы, што ён прыгожы, хавала яго тры месяцы.
3 А паколькі далей хаваць не магла, узяла трысняговы кошык і абмазала яго смалою і дзёгцем; і паклала ў сярэдзіну дзіця, і пакінула яго ў чароце на беразе ракі,
4 у той час, як сястра яго стаяла недалёка і наглядала за зыходам справы.
5 І вось, дачка фараона ішла, каб пакупацца ў рацэ, а паслугачкі яе хадзілі па беразе ракі. Калі яна ўбачыла кошык сярод чароту, паслала адну са сваіх паслугачак;
6 і яна адкрыла прынесены [кошык], і ўбачыла ў ім немаўля, што крычыць, і, злітаваўшыся над ім, сказала: «Ён з дзяцей гебрайскіх».
7 Сястра хлопчыка сказала ёй: «Хочаш, каб я пайшла і паклікала табе жанчыну гебрайку, якая можа выкарміць дзіця для цябе?»
8 Тая адказала: «Ідзі!» Пабегла дзяўчынка і паклікала маці дзіцяці.
9 Сказала ёй дачка фараона: «Вазьмі хлопчыка гэтага і выкармі для мяне; я дам табе тваю плату». Прыняла жанчына, і выкарміла хлопца, і дарослага перадала дачцэ фараона.
10 Яна ўсынавіла яго і назвала яго імем Майсей, кажучы: «Бо я выцягнула яго з вады».
11 У той час, калі ён вырас, выйшаў Майсей да братоў сваіх; і ўбачыў ён смутак іх, і ўбачыў егіпцяніна, які біў кагосьці з гебрайскіх братоў яго.
12 І, калі азірнуўся ён туды і сюды і ўбачыў, што нікога няма, ён забіў егіпцяніна і схаваў яго ў пяску.
13 А выйшаўшы ў наступны дзень, убачыў двух гебраяў, што сварыліся, і сказаў таму, хто крыўдзіў: «Чаму ты б’еш блізкага свайго?»
14 Той адказаў: «Хто цябе зрабіў кіраўніком і суддзёю над намі? Ці ты хочаш мяне забіць, як забіў егіпцяніна?» Спалохаўся Майсей і сказаў: «Напэўна, справа гэта выявілася».
15 І фараон пачуў гэтую гутарку, і хацеў забіць Майсея. Дык ён, уцякаючы з вачэй яго, спыніўся ў зямлі Мадыян; вось такім чынам прыйшоў ён у зямлю Мадыян і сеў каля студні.
16 А ў святара мадыянскага было сем дачок, якія прыйшлі, каб чэрпаць ваду; і жадалі яны, напоўніўшы карыты, панапойваць статкі бацькі свайго.
17 Нечакана падышлі пастухі і адагналі іх; устаў Майсей і, абараніўшы дзяўчат, напаіў авечак іх.
18 Калі яны вярнуліся да Рагуэля, бацькі свайго, ён сказаў ім: «Чаму вы прыйшлі хутчэй, чым звычайна?»
19 Яны адказалі: «Чалавек егіпцянін вызваліў нас ад рукі пастухоў; акрамя таго, ён і вады для нас начэрпаў, і даў пойла авечкам».
20 І спытаўся ён: «Дзе ён? Чаму вы пакінулі яго? Паклічце яго, каб з’еў хлеба».
21 Такім чынам згадзіўся Майсей жыць з ім і ўзяў за жонку Сэфару, дачку яго.
22 Яна нарадзіла яму сына, якога ён назваў Гэрсам, кажучы: «Прыхадзень я ў зямлі чужой».
23 А праз доўгі час памёр цар Егіпецкі; а сыны Ізраэля, стогнучыя з-за працы, залямантавалі, і лямант іх ад працы дайшоў да Бога.
24 І пачуў Ён стагнанне іх, і прыгадаў дагавор, які заключыў з Абрагамам, Ізаакам і Якубам;
25 і глянуў Бог на сыноў Ізраэля, і пашкадаваў іх.
Кніга Выхаду, 2 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.