Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Паўтор Закону 5 Паўтор Закону 5 раздзел

1 І склікаў Майсей увесь Ізраэль і сказаў ім: «Слухай, Ізраэль, прыказанні, а таксама законы, якія я сёння прамоўлю ў вушы вашыя; навучыцеся ім і спаўняйце іх дзейсна.
2 Госпад, Бог наш, заключыў запавет з намі на Гарэбе.
3 Не з бацькамі нашымі заключыў Ён гэтую дамову, але з намі, якія тут сёння жывём, з намі ўсімі.
4 Тварам у твар гаварыў з вамі Госпад на гары з сярэдзіны агню.
5 У той час я як пасрэднік стаяў між Госпадам і вамі, каб вам абвясціць словы Яго, бо вы баяліся агню і не ўзышлі на гару. А Ён сказаў:
6 “Я — Госпад, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Егіпта, з дому няволі.
7 Не май другіх багоў перад абліччам Маім.
8 Не рабі сабе ідала і ніякай выявы ўсяго таго, што ў небе высока, і што на зямлі ўнізе, і што ў вадзе пад зямлёю.
9 Не пакланяйся ім і не служы ім, бо Я — Госпад, Бог твой, Бог руплівы апякун, Які карае ліхоту бацькоў ў дзецях да трэцяга і чацвёртага пакалення тых, што ненавідзяць Мяне,
10 і аказвае міласэрнасць на многія тысячы [пакаленняў] тым, што любяць Мяне і спаўняюць прыказанні Мае.
11 Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, дарэмна, бо не будзе непакараным той, хто будзе ўжываць імя Яго марна.
12 Беражы дзень суботні, каб ты святкаваў яго, як загадаў табе Госпад, Бог твой.
13 Шэсць дзён працуй і выконвай усе справы свае.
14 А сёмы дзень — гэта субота для Госпада, Бога твайго. Не рабі ў ім аніякай працы ты, і сын твой, і дачка, і паслугач, і паслугачка, і вол, і асёл, і ўсякая жывёла твая, і чужынец, які жыве ў брамах тваіх; хай адпачывае твой паслугач і твая паслугачка, як і ты.
15 Памятай, што ты быў рабом у Егіпце, і што вывеў цябе адтуль Госпад, Бог твой, дужай рукою і ўзнятым плячом, таму і загадаў Ён табе, каб бярог ты дзень суботы.
16 Паважай бацьку свайго і маці сваю, як загадаў табе Госпад, Бог твой, каб быў ты даўгавечны і добра табе было на зямлі, якую дасць табе Госпад, Бог твой.
17 Не забівай.
18 Не чужалож.
19 Не крадзі.
20 Не сведчы фальшыва супраць блізкага свайго.
21 Не будзь прагны да жонкі блізкага свайго і не зажадай дома блізкага свайго, ані поля, ані паслугача, ані паслугачкі, ані вала, ані асла, — нічога, што яго”».
22 Гэтыя словы гаварыў Госпад да ўсіх вас на гары, з сярэдзіны агню і хмары і змроку моцным голасам, і нічога болей не дадаваў; і напісаў гэта на дзвюх табліцах каменных, якія перадаў мне.
23 Вы, вось, як пачулі голас пасярод цемры і калі ўбачылі гару, якая гарэла агнём, прыступілі да мяне ўсе князі пакаленняў і старэйшыя векам,
24 і вы казалі: «Вось жа, паказаў нам Госпад, Бог наш, веліч Сваю і магутнасць; мы чулі голас Яго з сярэдзіны агню і пераканаліся сёння, што, калі Бог гаворыць з чалавекам, чалавек застаўся жывы.
25 Цяпер жа нашто нам паміраць? Бо праглыне нас гэты вялікі агонь; калі мы яшчэ пачуем голас Госпада, Бога нашага, паўміраем.
26 Ці ёсць якое цела, што пачула б голас Бога жывога, Які прамаўляе з сярэдзіны агню, як мы пачулі, і здолела б выжыць?
27 Ты прыступіся хутчэй і выслухай усё, што скажа Госпад, Бог наш, і ты перакажаш нам усё, што скажа табе Госпад, Бог наш, і мы, выслухаўшы, зробім гэта».
28 Калі пачуў гэта Госпад, дык сказаў мне: «Чуў Я голас слоў гэтага народа, што яны казалі табе. Усё добра яны казалі.
29 Хто дасць ім мець такую памяць, каб яны шанавалі Мяне і бераглі ўсе загады Мае ўвесь час, каб добра ім было і дзецям іх на векі?
30 Ідзі і скажы ім: “Вярніцеся ў палаткі вашыя”.
31 Ты ж стой тут са Мною, і Я скажу табе ўсе загады і прыказанні, і законы, якім навучыш іх, каб выконвалі іх на зямлі, якую дам ім ва ўласнасць”.
32 Дык беражыце і выконвайце, што загадаў вам Госпад, Бог ваш, не адхіляйцеся ані ўправа, ані ўлева.
33 Ва ўсім ідзіце тою дарогаю, якую вызначыў вам Госпад, Бог ваш, каб жылі, і каб было вам добра, ды каб прадоўжыліся дні на зямлі ўласнасці вашай, якую атрымаеце».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Паўторанага Закону, 5 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.