Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Самуэля 9 1-я Самуэля 9 раздзел

1 І быў адзін чалавек, магутны чалавек з роду Бэньяміна, на імя Кіс, сын Абіэля, сына Сэрора, сына Бэхарата, сына Апія, сына Бэньяміна.
2 І быў у яго сын імем Саўл, прыгожы і сумленны, і не было сярод сыноў Ізраэля лепшага за яго; ён быў на галаву вышэй за ўвесь народ.
3 А ў Кіса, бацькі Саўла, прапалі асліцы, і сказаў Кіс Саўлу, сыну свайму: «Вазьмі з сабой аднаго з паслугачоў, устань і ідзі, і шукай асліц». Калі ён прайшоў праз гару Эфраім
4 і праз зямлю Саліс і не знайшоў, пайшлі яны таксама праз зямлю Саалім, і не было іх, але і па зямлі Еміні прайшлі, і ўсё адно не знайшлі.
5 Калі ж прыйшлі яны ў зямлю Суф, сказаў Саўл слузе свайму, які быў разам з ім: «Хадзем і вернемся, каб бацька мой, страціўшы асліц, не стаў хвалявацца за нас».
6 Паслугач кажа яму: «У гэтым вось горадзе жыве чалавек Божы, чалавек шаноўны. Усё, што ён кажа, — без двухсэнсоўнасці, спаўняецца. Дык давай зойдзем туды, можа, ён пакажа нам дарогу ў справе нашай, дзеля якой мы пайшлі».
7 І сказаў Саўл слузе свайму: «Вось, зойдзем, але што падаруем мы таму чалавеку? Хлеб скончыўся ў торбах нашых, а падарунка не маем, каб маглі прынесці яго чалавеку Божаму. Што ж мы маем?»
8 Паслугач зноў адказаў Саўлу і сказаў: «Вось, знайшоў я ў руцэ маёй чвэрць сікля срэбра; дадзім гэта чалавеку Божаму, а ён нам дапаможа ў справе нашай».
9 Калісьці ў Ізраэлі кожны, хто ішоў параіцца з Богам, так казаў: «Хадземце і пойдзем да таго, хто бачыць»; бо хто сёння называецца прарокам, калісьці называўся тым, хто бачыць.
10 І сказаў Саўл слузе свайму: «Добра сказаў ты, давай пойдзем». І пайшлі яны ў горад, у якім жыў чалавек Божы.
11 І калі яны падняліся на ўзвышша, на якім стаяў горад, напаткалі дзяўчат, што выходзілі чэрпаць ваду, і спыталіся ў іх: «Ці тут жыве той, хто бачыць?»
12 Яны, адказваючы, сказалі ім: «Тут: вось, перад табой; паспяшайся цяпер, бо сёння прыйшоў ён у горад, бо сёння народ складае ахвяру на ўзгорку.
13 Калі ўвойдзеце ў горад, адразу ж сустрэнеце яго, перш чым ён пойдзе частавацца на ўзгорак; бо народ не есць, пакуль ён не прыйдзе; бо ён дабраслаўляе ахвяру, і тады толькі ядуць запрошаныя. Дык ідзіце, бо зараз жа яго сустрэнеце».
14 І падняліся яны ў горад. І калі ўвайшлі яны ў горад, з’явіўся Самуэль, што ішоў насустрач ім, каб падняцца на ўзгорак.
15 Госпад жа аб’явіў Самуэлю на дзень раней, перад прыбыццём Саўла, кажучы:
16 «Заўтра ў гэтую самую пару, як і зараз, пашлю да цябе чалавека з зямлі Бэньяміна, і ты памажаш яго на цара народа Майго Ізраэля, і ён вызваліць народ Мой з рук філістынцаў, бо ўзглянуў Я на народ мой; бо лямант яго дайшоў да Мяне».
17 І калі Самуэль глянуў на Саўла, Госпад сказаў яму: «Вось, той чалавек, пра якога Я казаў табе; ён будзе валадаром над народам Маім».
18 Саўл жа падышоў да Самуэля ў сярэдзіне брамы і сказаў: «Пакажы мне, прашу, дзе ёсць дом таго, хто бачыць?»
19 І Самуэль адказаў Саўлу, кажучы: «Я той, хто бачыць. Ідзі перада мною на ўзгорак, каб падсілкавацца сёння са мною. І адпушчу цябе раніцай, і скажу табе ўсё, што ў сэрцы тваім;
20 і аб асліцах, якіх ты страціў тры дні таму, не клапаціся, бо яны знайшліся. І каму будзе належаць усё найлепшае ў Ізраэлі? Ці ж не табе і ўсяму дому бацькі твайго?»
21 Адказваючы ж, Саўл сказаў яму: «Ці ж я не бэньямінец, з найменшага пакалення ізраэльскага? І род мой ці не апошні з усіх родаў пакалення Бэньяміна? Дык чаму ты гаворыш мне гэтае слова?»
22 І Самуэль, узяўшы Саўла і паслугача яго, увёў іх у пакой і даў ім месца на чале запрошаных, бо іх было каля трыццаці чалавек.
23 І сказаў Самуэль кухару: «Падай тую частку, якую я даў табе і загадаў, каб ты адклаў яе асобна ў сябе».
24 А кухар узяў сцягно і хвост, і паклаў перад Саўлам. І сказаў Самуэль: «Вось тое, што засталося; пакладзі перад сабой і еж, бо гэта з прадбачнасці захавана для цябе, калі я паклікаў людзей». І ў той дзень елі Саўл з Самуэлем.
25 І сышлі яны з узгорка ў горад. І паслалі Саўлу на даху, і спаў ён.
26 І калі раніцай яны ўсталі, і ўжо развіднела, паклікаў Самуэль Саўла на даху, кажучы: «Уставай, я цябе правяду». І ўстаў Саўл. І выйшлі яны абодва, значыць ён і Самуэль.
27 І, калі падыходзілі яны да канца горада, Самуэль сказаў Саўлу: «Скажы паслугачу, каб пайшоў перад намі»; і ён пайшоў, — «Ты ж зараз трохі спыніся, каб я сказаў табе слова Госпада».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуэля, 9 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.