Да Філімону 1 глава

Ліст да Філімона
Пераклад Анатоля Клышкi → Толкования Августина

Пераклад Анатоля Клышкi

1 Павел, вязень Хрыста Ісуса, і Цімафей, брат, — Філімону, нашаму ўлюбёнцу і супрацоўніку,
2 і Апфіі, [любай] сястры, і Архіпу, нашаму паплечніку, і царкве, якая ў тваім доме:
3 Ласка Божая вам і мір ад Бога, нашага Бацькі, і Госпада Ісуса Хрыста.
4 Дзякую майму Богу заўсёды, упамінаючы цябе ў маіх малітвах,
5 чуючы пра тваю любоў і веру, якую ты маеш да Госпада Ісуса і да ўсіх святых,
6 каб твая вера, адзіная для ўсіх нас, стала дзейнаю ў спазнанні ўсяго таго добрага, што ў вас1 для Хрыста [Ісуса].
7 Бо я атрымаў вялікую радасць і суцяшэнне ад тваёй любові, таму што табою, браце, супакоены сэрцы святых.
8 Таму, хоць я маю вялікую адвагу ў Хрысце загадваць табе, што належыць,
9 з-за любові хутчэй прашу — такі, як я ёсць, Павел, стары чалавек, а цяпер і вязень Хрыста Ісуса;
10 прашу цябе за майго сына, якога я нарадзіў у [маіх] кайданах, за Анісіма,
11 які некалі быў табе бескарысны, цяпер жа карысны і табе, і мне,
12 якога я адаслаў табе, яго, гэта ёсць маё сэрца, [ты ж забяры яго];
13 якога я хацеў трымаць пры сабе, каб ён служыў мне за цябе ў кайданах за дабравешчанне,
14 але без тваёй згоды я нічога не захацеў рабіць, каб тваё дабрадзейства было не як бы з неабходнасці, а добраахвотным.
15 Бо, можа быць, ён на тое часова быў адлучаны, каб ты атрымаў яго навекі —
16 ужо не як раба, а болей, чым раба, як улюбёнага брата, асабліва мне, а тым больш табе, і цялесна, і ў Госпадзе.
17 Дык, калі ты лічыш мяне сваім супольнікам, то прымі яго, як мяне.
18 Калі ж ён чым-небудзь пакрыўдзіў цябе ці павінен табе, залічы гэта за мною.
19 Я, Павел, напісаў сваёю ўласнай рукою: я аддам; каб не сказаць табе, што ты і за самога сябе мне вінен.
20 Так, браце, дай мне займець карысць ад цябе ў Госпадзе: супакой маё сэрца ў Хрысце.
21 Упэўнены ў тваёй паслухмянасці, я напісаў табе, ведаючы, што ты зробіш і звыш таго, пра што я кажу.
22 І адначасова падрыхтуй для мяне і гасподу: бо я спадзяюся, што я вашымі малітвамі буду дараваны вам.
23 Вітае цябе Эпафрас, вязень разам са мною ў Хрысце Ісусе,
24 Марк, Арыстарх, Дзімас, Лука, мае супрацоўнікі.
25 Ласка [нашага] Госпада Ісуса Хрыста няхай будзе з вашым духам. [Амін].

Примечания:

 
Пераклад Анатоля Клышкi
6 1 У некат. рукап.: нас.
 
 


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.