Матфея 1 глава

Евангелле паводле Матфея
Пераклад Анатоля Клышкi → Комментарии Жана Кальвина

Пераклад Анатоля Клышкi

1 Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давідавага, Сына Аўраамавага.
2 Ад Аўраама нарадзіўся Ісаак, ад Ісаака нарадзіўся Іакаў, ад Іакава ж нарадзіўся Іуда і яго браты,
3 ад Іуды ж нарадзіўся Фарэс і Дзара ад Фамары, ад Фарэса ж нарадзіўся Гесром, ад Гесрома ж нарадзіўся Арам,
4 ад Арама ж нарадзіўся Амінадаў, ад Амінадава ж нарадзіўся Наасон, ад Наасона ж нарадзіўся Салмон,
5 ад Салмона ж нарадзіўся Ваоз ад Рахавы, ад Ваоза ж нарадзіўся Авід ад Руфі, ад Авіда ж нарадзіўся Іесей,
6 ад Іесея ж нарадзіўся цар Давід. Ад [цара] Давіда нарадзіўся Саламон ад той, што была за Урыем,
7 ад Саламона ж нарадзіўся Раваам, ад Раваама ж нарадзіўся Авія, ад Авіі ж нарадзіўся Аса,
8 ад Асы ж нарадзіўся Іасафат, ад Іасафата ж нарадзіўся Іарам, ад Іарама ж нарадзіўся Адзія,
9 ад Адзіі ж нарадзіўся Іаафам, ад Іаафама ж нарадзіўся Ахадз, ад Ахадза ж нарадзіўся Эдзекія;
10 ад Эдзекіі ж нарадзіўся Манасія, ад Манасіі ж нарадзіўся Амос, ад Амоса ж нарадзіўся Іасія,
11 1 ад Іасіі ж нарадзіўся Іеханія і яго браты пры Вавілонскім высяленні.
12 Пасля ж Вавілонскага высялення ад Іеханіі нарадзіўся Салафііль, ад Салафііля ж нарадзіўся Дзарававель,
13 ад Дзарававеля ж нарадзіўся Авіуд, ад Авіуда ж нарадзіўся Эліякім, ад Эліякіма ж нарадзіўся Адзор,
14 ад Адзора ж нарадзіўся Садок, ад Садока ж нарадзіўся Ахім; ад Ахіма ж нарадзіўся Эліуд,
15 ад Эліуда ж нарадзіўся Эляадзар, ад Эляадзара ж нарадзіўся Матфан, ад Матфана ж нарадзіўся Іякаў,
16 ад Іякава ж нарадзіўся Іосіф, муж Марыі, ад Якой нарадзіўся Ісус, Якога завуць Хрыстос.
17 Такім чынам, усіх пакаленняў ад Аўраама да Давіда — чатырнаццаць пакаленняў, і ад Давіда да Вавілонскага высялення — чатырнаццаць пакаленняў, і ад Вавілонскага высялення да Хрыста — чатырнаццаць пакаленняў.
18 Нараджэнне ж Ісуса Хрыста было так. Пасля заручын Яго Маці Марыі з Іосіфам, перш чым яны зышліся, выявілася, што яна мае ва ўлоні ад Святога Духа.
19 Іосіф жа, Яе муж, будучы праведным і не хочучы зняславіць Яе, вырашыў употай адпусціць Яе.
20 Але калі ён задумаў гэта, вось, Анёл Гасподні з’явіўся яму ў сне, кажучы: Іосіфе, сыне Давідаў, не бойся прыняць Марыю, тваю жонку; бо зароджанае ў Ёй — ад Святога Духа.
21 Народзіць жа Яна Сына, і ты назавеш Яго імем Ісус, бо Ён уратуе Свой народ ад іх грахоў.
22 А ўсё гэта адбылося, каб спраўдзілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:
23 «Вось, Дзева зачне ў лоне і народзіць Сына, і назавуць Яго імем Эмануіл, што ў перакладзе азначае: З намі Бог».
24 І Іосіф, устаўшы ад сну, зрабіў, як загадаў яму Анёл Гасподні, і ён прыняў сваю жонку.
25 І не знаў Яе, пакуль не нарадзіла Яна [Свайго] Сына [Першынца]; і ён назваў Яго імем Ісус.

Примечания:

 
Пераклад Анатоля Клышкi
11 1: У некат. рукап.: ад Іасіі нарадзіўся Іякім, ад Іякіма нарадзіўся Іеханія і яго браты пры Вавілонскім высяленні.
 
 


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.