1-ы Цімафею 1 глава

Першы ліст да Цімафея
Пераклад Анатоля Клышкi → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Павел, Апостал Хрыста Ісуса паводле наказу Бога, нашага Збаўцы, і Хрыста Ісуса, нашай надзеі, —
 

Цімафею, сапраўднаму сыну ў веры: Ласка, міласць, мір ад Бога, [нашага] Бацькі і Хрыста Ісуса, нашага Госпада.
 

Як я папрасіў цябе, калі выпраўляўся ў Македонію, застацца ў Эфесе, каб ты загадаў некаторым не вучыць іншаму
 

і не займацца байкамі і бясконцымі радаводамі, якія больш выклікаюць спрэчкі, а не Божае домаўладкаванне, якое ў веры.
 

А мэта наказу — любоў ад чыстага і добрага сумлення і некрывадушнай веры,
 

ад чаго некаторыя, збочыўшы, кінуліся ў пустаслоўе,
 

хочучы быць настаўнікамі закона, хоць яны не разумеюць ні таго, што кажуць, ні таго, што ўпэўнена сцвярждаюць.
 

А мы ведаем, што закон — добры, калі хто яго законна ўжывае
 

і ведае тое, што закон прызначаны не для праведнага, а для беззаконных і непакорлівых, для бязбожных і грэшнікаў, для нячыстых і паганых, для збойцаў бацькоў і мацярок, для чалавеказабойцаў,
 

распуснікаў, мужаложнікаў, гандляроў людзьмі, клятвапарушальнікаў і ўсяго іншага, што супроцьстаіць здароваму вучэнню,
 

паводле дабравесця славы шчаслівага Бога, якое было даручана мне
 

Я складаю падзяку Таму, Хто ўмацаваў мяне, Хрысту Ісусу, нашаму Госпаду, што прызнаў мяне верным і паставіў на служэнне,
 

[мяне], які раней быў блюзнерцам, ганіцелем, зневажальнікам, але памілаваны, бо рабіў гэта, не разумеючы, у нявер’і,
 

і без меры памножылася ласка нашага Госпада з вераю і любоўю ў Хрысце Ісусе.
 

Слушнае гэта слова і вартае ўсялякага прыняцця, што Хрыстос Ісус прыйшоў у свет выратаваць грэшных, з якіх першы — я.
 

Але я таму быў памілаваны, каб Ісус Хрыстос на мне першым паказаў усю доўгацярплівасць у прыклад тым, што павераць у Яго для вечнага жыцця.
 

А Цару вякоў, нятленнаму, нябачнаму, адзінаму Богу — гонар і хвала векі вечныя. Амін.
 

Гэты наказ я даручаю табе, сыне мой Цімафей, згодна з раней зробленымі аб табе прароцтвамі, каб ты з іх дапамогаю ваяваў добраю вайной,
 

маючы веру і добрае сумленне, адкінуўшы якія некаторыя пацярпелі крушэнне ўверы.
 

Між іх Гіменей і Аляксандр, якіх я перадаў сатане, каб яны навучыліся не зневажаць Бога.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.