Да Ціту 1 глава

Ліст да Ціта
Пераклад Анатоля Клышкi → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Павел, раб Божы і Апостал Ісуса Хрыста паводле веры выбраных Божых і спазнання ісціны, якая згодна з набожнасцю,
 

у надзеі вечнага жыцця, якое Бог, што не можа лгаць, абяцаў перад вечнымі часамі,
 

а ў свой час аб’явіў Сваё Слова ў пропаведзі, якая была даручана мне паводле загаду нашага Збаўцы Бога, —
 

Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: Ласка [, міласць] і мір ад Бога Бацькі і [Госпада] Ісуса Хрыста, нашага Збаўцы.
 

Дзеля гэтага я пакінуў цябе на Крыце, каб ты ўпарадкаваў, што засталося неўпарадкаванае, і паставіў у кожным горадзе старэйшын, як я табе загадаў:
 

калі хто беззаганны, муж адной жонкі, мае дзяцей, якія веруюць, не абвінавачваюцца ў распусце ці ў непаслухмянасці.
 

Бо епіскап павінен быць беззаганны, як Божы домакіраўнік, не самазадаволены, не гняўлівы, не прагавіты да віна, не задзірлівы, не хцівы,
 

а гасцінны, дабралюбны, разумны, справядлівы, набожны, устрыманы,
 

які трымаецца вернага слова, згоднага з вучэннем, каб ён быў моцны і пераконваць у здаровым вучэнні і выкрываць тых, што выступаюць супроць.
 

Бо ёсць многа непакорлівых, пустасловаў і ашуканцаў, асабліва з абрэзаных,
 

якім трэба заціскаць рот, тым, якія разбураюць цэлыя дамы, вучачы таму, чаму не след, дзеля ганебнай карыслівасці.
 

Адзін з іх саміх, іх уласны прарок, сказаў: «Крыцяне заўсёды лгуны, лютыя звяры, лянівыя абжоры».
 

Сведчанне гэта праўдзівае. З гэтай прычыны выкрывай іх рэзка, каб яны былі здаровыя ў веры,
 

не слухалі іудзейскія байкі і запаведзі людзей, што адварочваюцца ад ісціны.
 

Усё чыстае для чыстых; а для апаганеных і бязверных няма нічога чыстага, у іх апаганены і розум, і сумленне.
 

Яны сцвярджаюць, што ведаюць Бога, а сваімі ўчынкамі выракаюцца Яго, з’яўляючыся гнюснымі і непаслухмянымі і ні на які добры ўчынак няздатнымі.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.