Ёва 1 глава

Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Комментарии Баркли

Пераклад Антонія Бокуна

1 Чалавек на імя Ёў жыў у зямлі Уц, і быў ён чалавек шчыры і справядлівы, баяўся Бога і пазьбягаў зла.
2 І нарадзілася яму сем сыноў і тры дачкі.
3 І была маёмасьць ягоная — сем тысячаў авечак, тры тысячы вярблюдаў, пяцьсот параў валоў, пяцьсот асьліцаў і вельмі шмат слугаў. І быў чалавек той найбольшым сярод усіх сыноў Усходу.
4 Сыны ягоныя зьбіраліся адзін у аднаго і банкетавалі ў доме кожнага па чарзе. І запрашалі яны таксама тры сястры свае есьці і піць разам з імі.
5 Калі спыняліся чэргі баляваньня, Ёў пасылаў да іх, каб выканаць ачышчэньне іх. І ўставаў ён раніцаю, і складаў ахвяры цэласпаленьня за кожнага з іх, бо казаў: «Можа, сыны мае нечым саграшылі і зьняважылі Бога ў сэрцах сваіх?» Так рабіў Ёў у-ва ўсе дні.
6 Аднойчы, калі сыны Божыя прыйшлі стаць перад ГОСПАДАМ, між імі прыйшоў і шатан.
7 І сказаў ГОСПАД шатану: «Адкуль прыйшоў ты?» І адказаў шатан ГОСПАДУ, і сказаў: «Я абыйшоў зямлю і хадзіў па ёй».
8 І сказаў ГОСПАД шатану: «Ці зьвярнуў ты ўвагу на слугу Майго, Ёва, якому няма подобнага на зямлі. Ён — чалавек шчыры і справядлівы, баіцца Бога і пазьбягае зла».
9 І адказаў шатан ГОСПАДУ, і сказаў: «Ці ж Ёў задарма баіцца Бога?
10 Ці ж не атачыў Ты дабраславенствам Тваім і яго, і дом ягоны, і ўсю маёмасьць ягоную, і працу рук ягоных, і ці не павялічваецца маёмасьць ягоная на зямлі?
11 Але выцягні крыху руку Тваю і дакраніся да ўсяго, што ён мае, зьневажаючы, будзе зьневажаць Цябе ў твар».
12 І сказаў ГОСПАД шатану: «Вось, усё, што ён мае, у руцэ тваёй, толькі яго самога не чапай». І зыйшоў шатан ад аблічча ГОСПАДА.
13 І калі аднаго дня сыны і дочкі ягоныя елі і пілі віно ў доме найстарэйшага брата,
14 прыйшоў пасланец да Ёва і паведаміў: «Валы аралі, а асьліцы пасьвіліся побач,
15 і раптам напалі Савейцы, і пазабіралі іх, а слугаў пазабівалі мячом. Ацалеў толькі я адзін, каб сказаць табе».
16 І калі ён яшчэ гаварыў, прыбег іншы і сказаў: «Агонь Божы зыйшоў з неба і папаліў авечак і слугаў. Я адзін ацалеў, каб паведаміць табе пра гэта».
17 І калі ён яшчэ гаварыў, прыйшоў іншы і сказаў: «Халдэйцы сабралі тры дружыны, напалі на вярблюдаў і пагналі іх, а слугаў мячом пазабівалі. Я адзін уцёк, каб паведаміць табе».
18 І калі ён яшчэ гаварыў, прыбег іншы і сказаў: «Калі сыны твае і дочкі елі і пілі віно ў доме найстарэйшага брата свайго,
19 раптам паднялася страшэнная бура з пустыні, зрушыла чатыры вуглы дому, які ўпаў і падушыў дзяцей тваіх, і яны памерлі. Ацалеў я адзін, каб паведаміць табе».
20 І ўстаў Ёў, і разьдзёр адзеньне сваё, і абгаліў галаву, і ўпаў на зямлю, і пакланіўся,
21 і сказаў: «Голы я выйшаў з улоньня маці маёй, і голы вярнуся туды. ГОСПАД даў, і ГОСПАД забраў. Няхай будзе імя ГОСПАДА дабраслаўлёным!»
22 І ў-ва ўсім гэтым не саграшыў Ёў, і нічога неразважнага супраць Бога не сказаў.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.