Быцьцё 1 глава

Кніга Быцьцё
Пераклад Антонія Бокуна → Перевод Еп. Кассиана

 
 

На пачатку стварыў Бог неба і зямлю.
 

І зямля была бязладная і пустая, і цемра над бяздоньнямі, і Дух Божы ўзносіўся над водамі.
 

І сказаў Бог: «Няхай станецца сьвятло». І сталася сьвятло.
 

І бачыў Бог сьвятло, што яно добрае, і разьдзяліў Бог сьвятло і цемру.
 

І назваў Бог сьвятло днём, а цемру — ноччу. І быў вечар, і была раніца — дзень адзін.
 

І сказаў Бог: «Няхай станецца прасьцяг сярод водаў і няхай аддзеліць воды ад водаў».
 

І зрабіў Бог прасьцяг, і разьдзяліў воды, якія былі пад прасьцягам, і воды, якія былі над прасьцягам. І сталася так.
 

І назваў Бог прасьцяг небам. І быў вечар, і была раніца — дзень другі.
 

І сказаў Бог: «Няхай зьбяруцца воды, якія пад небам, у адно месца, і няхай зьявіцца сухазем’е». І сталася так.
 

І назваў Бог сухазем’е зямлёю, а збор водаў назваў морам. І бачыў Бог, што [гэта] добра.
 

І сказаў Бог: «Няхай зазелянее зямля зелянінай, травой, якая сее насеньне, і дрэвамі пладовымі, якія даюць плады паводле гатунку свайго і маюць у сабе насеньне на зямлі». І сталася так.
 

І выдала зямля зеляніну, траву, якая сее насеньне паводле гатунку свайго, і дрэвы, якія даюць плады і маюць у сабе насеньне паводле гатунку свайго. І бачыў Бог, што [гэта] добра.
 

І быў вечар, і была раніца — дзень трэці.
 

І сказаў Бог: «Няхай стануцца сьвяцілы на прасьцягу неба, каб разьдзяляць дзень і ноч, і няхай будуць дзеля знакаў, і вызначаных часоў, і дзён, і гадоў.
 

І няхай будуць сьвяціламі на прасьцягу неба, каб сьвяцілі на зямлю». І сталася так.
 

І зрабіў Бог два сьвяцілы вялікія: сьвяціла большае, каб кіравала днём, і сьвяціла меншае, каб кіравала ноччу, і зоркі.
 

І зьмясьціў іх Бог на прасьцягу неба, каб сьвяцілі на зямлю,
 

і кіравалі днём і ноччу, і аддзялялі сьвятло ад цемры. І бачыў Бог, што [гэта] добра.
 

І быў вечар, і была раніца — дзень чацьвёрты.
 

І сказаў Бог: «Няхай узварушацца воды рухам душы жывой, і птушкі няхай лётаюць над зямлёю па прасьцягу неба».
 

І стварыў Бог цмокаў вялікіх і ўсякую душу жывую, якая рухаецца, якімі ўзварушыліся воды, паводле гатункаў сваіх, і ўсякую птушку крылатую паводле гатунку свайго. І бачыў Бог, што [гэта] добра.
 

І дабраславіў іх Бог, кажучы: «Пладзіцеся і множцеся, і напаўняйце воды мораў, а птушкі няхай множацца на зямлі».
 

І быў вечар, і была раніца — дзень пяты.
 

І сказаў Бог: «Няхай выдасьць зямля душу жывую паводле гатунку свайго: скаціну, паўзуноў і зьвяроў зямных паводле гатункаў сваіх». І сталася так.
 

І зрабіў Бог зьвяроў зямных паводле гатункаў сваіх, і скаціну паводле гатунку свайго, і ўсякіх паўзуноў зямных паводле гатункаў сваіх. І бачыў Бог, што [гэта] добра.
 

І сказаў Бог: «Зробім чалавека на вобраз Наш, як падабенства Нашае, і няхай ён мае ўладу над рыбамі марскімі і над птушкамі паднебнымі, і над скацінай, і над усёй зямлёй, і над усякім паўзуном, які поўзае па зямлі».
 

І стварыў Бог чалавека на вобраз Свой, на вобраз Божы стварыў яго, мужчыну і жанчыну стварыў іх.
 

І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: «Пладзіцеся і множцеся, і напаўняйце зямлю, і падпарадкоўвайце яе сабе, і мейце ўладу над рыбамі марскімі, і над птушкамі паднебнымі, і над усякім зьверам, які рухаецца па зямлі».
 

І сказаў Бог: «Вось, Я даў вам усякую траву, якая сее насеньне, якая на абліччы ўсёй зямлі, і ўсякія дрэвы, якія маюць плод дрэва і сеюць насеньне, каб былі вам на ежу.
 

І ўсім зьвярам зямным, і ўсім птушкам паднебным, і ўсяму, што рухаецца па зямлі, у якім ёсьць душа жывая, Я даў усякую траву зялёную на ежу». І сталася так.
 

І бачыў Бог усё, што зрабіў, і вось, усё вельмі добра. І быў вечар, і была раніца — дзень шосты.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.