Эклезіяста 1 глава

Кніга Эклезіяста
Пераклад Антонія Бокуна → Перевод Еп. Кассиана

 
 

Слова Эклезіяста, сына Давіда, валадара ў Ерусаліме.
 

Марнасьць марнасьцяў, сказаў Эклезіяст, марнасьць марнасьцяў, усё — марнасьць.
 

Якая карысьць чалавеку з усёй цяжкай працы ягонай, якую ён робіць пад сонцам?
 

Пакаленьне адыходзіць і пакаленьне прыходзіць, а зямля на вякі трывае.
 

Узыйшло сонца, і зайшло сонца, і сьпяшаецца на месца сваё, дзе яно ўзыходзіць.
 

Вецер ідзе на поўдзень і паварочвае на поўнач, кружляючы, кружляе, дзьме вецер і вяртаецца вецер на кружэньне сваё.
 

Усе рэкі цякуць у мора, і мора не перапаўняецца; да месца, з якога рэкі цякуць, вяртаюцца яны, каб [зноў] адтуль выцякаць.
 

Усе словы стамляюць, ня можа чалавек выказаць [усяго]. Не насыціцца вока гляджэньнем, і не напоўніцца вуха слуханьнем.
 

Што было, тое і будзе, а што рабілася, тое і будзе рабіцца, і няма нічога новага пад сонцам.
 

Бывае рэч, пра якую кажуць: “Глядзі, вось гэта новае”, але гэта было ўжо ў вяках, што былі перад намі.
 

Няма памяці пра тых, што раней жылі, і таксама пра тых, што потым жыць будуць, ня будзе памяці ў тых, якія будуць пасьля іх.
 

Я, Эклезіяст, быў валадаром Ізраіля ў Ерусаліме.
 

І аддаў я сэрца маё, каб шукаць і дасьледаваць з мудрасьцю ўсё, што дзеецца пад небам. Гэты кепскі занятак даў Бог сынам чалавечым, каб былі занятыя ім.
 

Глядзеў я на ўсе справы, якія робяцца пад сонцам; і вось, усё — марнасьць і пагоня за ветрам.
 

Крывое ня можна зрабіць простым, і тое, чаго няма, нельга палічыць.
 

Сказаў я ў сэрцы маім, кажучы: “Вось, я ўзьвялічыўся і прыдбаў мудрасьці больш за ўсіх, што былі раней за мяне ў Ерусаліме; і сэрца маё ўбачыла шмат мудрасьці і веданьня”.
 

І аддаў я сэрца маё, каб пазнаць мудрасьць і пазнаць шаленства і глупоту; і спазнаў, што і гэта — турбаваньне духа.
 

Бо з вялікай мудрасьці шмат смутку, і хто павялічвае веданьне, павялічвае боль.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.