Навума 1 глава

Кніга прарока Навума
Пераклад Антонія Бокуна → Перевод Еп. Кассиана

 
 

Цяжар адносна Нінівы. Кніга відзежаў Навума Элькашаніна.
 

Бог зайздросны і помсьлівы ГОСПАД; помсьлівы ГОСПАД і Пан гняўлівы. ГОСПАД помсьціць супраціўнікам Сваім і палае гневам на ворагаў Сваіх.
 

ГОСПАД павольны да гневу і вялікі сілаю, і не пакідае без пакараньня вінаватага. ГОСПАД, у буры, у віхуры шлях Ягоны, і хмара — пыл ад ног Ягоных.
 

Ён утаймоўвае мора і высушвае яго, і ўсе рэкі высушвае; марнее Башан і Кармэль, і кветка Лібану вяне.
 

Горы дрыжаць перад Ім, і ўзгоркі растаюць, і зямля паднялася перад абліччам Ягоным, і сусьвет, і ўсе, што жывуць у ім.
 

Перад абліччам абурэньня Ягонага хто ўстаіць? І хто вытрывае жар гневу Ягонага? Ярасьць Ягоная выліваецца, як агонь, і скалы крышацца перад Ім.
 

Добры ГОСПАД, апора ў дзень трывогі, і Ён ведае тых, якія маюць надзею ў Ім,
 

але нястрымнай залевай Ён учыніць загубу месцу [ліхому], і за ворагамі Ягонымі будзе гнацца цемра.
 

Што вы задумалі супраць ГОСПАДА? Ён учыніць загубу, не паўстане ў другі раз бедства.
 

Бо яны спляліся як цярніна, напіліся напоямі [сваімі], і зжарэ іх [агонь] як салому цалкам высхлую.
 

З цябе выйшаў той, які задумаў ліха супраць ГОСПАДА, дарадца Бэліяла.
 

Гэтак кажа ГОСПАД: «Хоць яны бясьпечныя і шматлікія, але яны будуць пасечаныя і зьнікнуць. І Я ўціскаў цябе, але больш ня буду ўціскаць цябе.
 

І цяпер Я зламлю ярмо ягонае, якое на табе, і кайданы твае разарву».
 

І загадаў ГОСПАД супраць цябе, [Нініва]: «Больш ня будзе сеяцца [насеньне] імя твайго. З дому багоў тваіх Я вынішчу [ідалаў] рэзьбленых і [ідалаў] літых. Я зраблю магілу тваю, бо ты праклятая».
 

Вось, на горах ногі дабравесьніка, які абвяшчае супакой. Сьвяткуй, Юда, сьвяты твае, выконвай абяцаньні твае, бо больш ня будзе Бэліял праходзіць па табе; ён цалкам зьнішчаны!
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.