Выхад 1 глава

Кніга Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Еврейский Новый Завет

 
 

І вось імёны сыноў Ізраіля, якія прыйшлі ў Эгіпет з Якубам, увайшлі кожны з домам сваім:
 

Рубэн, Сымон, Левій і Юда,
 

Ісахар, Завулён і Бэн’ямін,
 

Дан і Нэфталі, Гад і Асэр.
 

І ўсіх душаў, якія выйшлі з паясьніцы Якуба, было семдзясят, а Язэп быў у Эгіпце.
 

І памёр Язэп, і ўсе браты ягоныя, і ўсё пакаленьне тое.
 

І сыны Ізраіля пладзіліся, і нараджаліся, і памнажаліся, і ставаліся вельмі-вельмі магутнымі, і напоўнілася імі зямля.
 

І паўстаў новы валадар у Эгіпце, які ня ведаў Язэпа.
 

І сказаў ён народу свайму: «Вось, народ сыноў Ізраіля больш шматлікі і мацнейшы за нас.
 

Давайце мудра ўчынім адносна яго, каб ён не памнажаўся; бо як здарыцца вайна, ён злучыцца з ворагамі нашымі, і будзе ваяваць з намі, і выйдзе з зямлі гэтай».
 

І ён паставіў над ім наглядчыкаў працаў, каб уціскалі яго цяжкімі працамі. І пабудаваў [Ізраіль] на склады фараону гарады Пітом і Рамсэс.
 

І колькі ўціскалі яго, ён памнажаўся і пашыраўся. І [Эгіпцяне] трывожыліся з прычыны сыноў Ізраіля.
 

І зьняволілі Эгіпцяне сыноў Ізраіля, і ўціскалі,
 

і рабілі горкім жыцьцё іхняе цяжкаю працаю з глінаю і цэглаю, і ўсякаю працаю ў полі, і ўсякімі працамі зьневалялі іх і ўціскалі.
 

І сказаў валадар Эгіпту павітухам гебрайскім, якіх адной імя было Шыфра, а імя другой — Пуа,
 

і сказаў: «Калі будзеце пры радзінах у Гебраек, глядзіце на радзільны ложак: калі будзе сын, дык забіце яго, а калі дачка, няхай застанецца жывая».
 

Але павітухі баяліся Бога, і не рабілі так, як загадаў ім валадар Эгіпту, і пакідалі хлопцаў жывымі.
 

І паклікаў валадар Эгіпту павітухаў, і сказаў ім: «Чаму вы робіце гэта, чаму пакідаеце хлопцаў жывымі?»
 

І сказалі павітухі фараону: «Жанчыны гебрайскія не такія, як эгіпецкія; яны здаровыя, і яны нараджаюць перш, чым прыйдзе да іх павітуха».
 

І спагадаў Бог павітухам; і народ памнажаўся і вельмі мацнеў.
 

І сталася, [за тое], што павітухі баяліся Бога, Ён збудаваў ім дамы.
 

І загадаў фараон усяму народу свайму, кажучы: «Кожнага сына, які народзіцца [ў Гебраяў], кідайце ў раку; а кожную дачку пакідайце жывую».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.