Лікі 1 глава

Кніга Лікі
Пераклад Антонія Бокуна → Еврейский Новый Завет

 
 

І прамовіў ГОСПАД да Майсея ў пустыні Сынай у Намёце Спатканьня ў першы дзень другога месяца, у другім годзе пасьля выхаду з Эгіпту, кажучы:
 

«Пералічыце ўсю грамаду сыноў Ізраіля паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, усіх мужчынаў паводле імёнаў па галовах.
 

Ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою ў Ізраілі палічыце паводле дружынаў іхніх ты і Аарон.
 

З кожнага пакаленьня павінен быць з вамі чалавек, князь роду бацькоў сваіх.
 

Вось імёны тых мужоў, якія будуць з вамі: для Рубэна — Эліцур, сын Шэдэура,
 

для Сымона — Шэлюміэль, сын Цурышадая,
 

для Юды — Нахшон, сын Амінадава,
 

для Ісахара — Натанаэль, сын Цуара,
 

для Завулёна — Эліяў, сын Гэлёна,
 

для сыноў Язэпа: для Эфраіма — Элішама, сын Амігуда; для Манасы — Гамаліэль, сын Пэдагсура;
 

для Бэн’яміна — Абідан, сын Гідэоні,
 

для Дана — Ахіезэр, сын Амішадая,
 

для Асэра — Пагіэль, сын Акрана,
 

для Гада — Эліясаф, сын Дэўэля,
 

для Нэфталі — Ахіра, сын Энана».
 

Гэтыя пакліканыя з усёй грамады, князі пакаленьняў бацькоў сваіх і начальнікі тысячаў Ізраіля.
 

Іх узяў Майсей і Аарон, тых мужоў, якія былі паіменна названыя.
 

У першы дзень другога месяца сабралі яны ўсю грамаду дзеля сьпісу іх паходжаньня паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх і лічылі кожнага па імені ад дваццаці гадоў і вышэй.
 

Як загадаў ГОСПАД Майсею, быў зроблены перапіс у пустыні Сынай.
 

Сыноў Рубэна, першароднага Ізраіля, паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
 

тых, якіх палічылі з пакаленьня Рубэна, [было] сорак шэсьць тысячаў пяцьсот.
 

Сыноў Сымона паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
 

тых, якіх палічылі з пакаленьня Сымона, [было] пяцьдзясят дзевяць тысячаў трыста.
 

Сыноў Гада паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
 

тых, якіх палічылі з пакаленьня Гада, [было] сорак пяць тысячаў шэсьцьсот пяцьдзясят.
 

Сыноў Юды паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
 

тых, якіх палічылі з пакаленьня Юды, было семдзясят чатыры тысячы шэсьцьсот.
 

Сыноў Ісахара паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
 

тых, якіх палічылі з пакаленьня Ісахара, было пяцьдзясят чатыры тысячы чатырыста.
 

Сыноў Завулёна паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
 

тых, якіх палічылі з пакаленьня Завулёна, было пяцьдзясят сем тысячаў чатырыста.
 

Сыноў Язэпа, сыноў Эфраіма паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
 

тых, якіх палічылі з пакаленьня Эфраіма, было сорак тысячаў пяцьсот.
 

Сыноў Манасы паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
 

тых, якіх палічылі з пакаленьня Манасы, было трыццаць дзьве тысячы дзьвесьце.
 

Сыноў Бэн’яміна паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
 

тых, якіх палічылі з пакаленьня Бэн’яміна, было трыццаць пяць тысячаў чатырыста.
 

Сыноў Дана паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
 

тых, якіх палічылі з пакаленьня Дана, было шэсьцьдзясят дзьве тысячы семсот.
 

Сыноў Асэра паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
 

тых, якіх палічылі з пакаленьня Асэра, было сорак адна тысяча пяцьсот.
 

Сыноў Нэфталі паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
 

тых, якіх палічылі з пакаленьня Нэфталі, было пяцьдзясят тры тысячы чатырыста.
 

Гэта палічаныя, якіх палічылі Майсей і Аарон, і князі Ізраіля, дванаццаць мужоў, па адным з кожнага дому бацькоў сваіх.
 

І было ўсіх палічаных сыноў Ізраіля паводле дамоў бацькоў іхніх, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою ў Ізраілі,
 

шэсьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзясят.
 

Лявіты паводле пакаленьняў бацькоў сваіх не былі палічаны сярод іх,
 

бо ГОСПАД прамовіў да Майсея, кажучы:
 

«Не перапісвай пакаленьня Левія і не лічы іх разам з сынамі Ізраіля,
 

але даручы лявітам Сялібу Сьведчаньня, усе прылады яе і ўсё, што да яе [належыць]. Яны будуць насіць Сялібу і ўсе прылады яе, будуць пры ёй служыць і вакол Сялібы разложаць табар [свой].
 

Калі трэба рушыць Сялібе [ў дарогу], разьбяруць яе лявіты, а калі трэба затрымацца Сялібе, паставяць яе лявіты. Калі нехта [чужы] наблізіцца да яе, будзе забіты.
 

Сыны Ізраіля разложацца табарам, кожны на месцы сваім, кожны пад сьцягам сваім, паводле дружынаў сваіх.
 

А лявіты разложацца табарам вакол Сялібы Сьведчаньня; і кара не спадзе на грамаду сыноў Ізраіля. Лявіты будуць вартаваць каля Сялібы Сьведчаньня».
 

І зрабілі сыны Ізраіля ўсё; як ГОСПАД загадаў Майсею, так і зрабілі.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.