Агея 1 глава

Кніга прарока Агея
Пераклад Антонія Бокуна → Русского Библейского Центра

 
 

У другі год валадара Дарыя, у шосты месяц, у першы дзень месяца, было слова ГОСПАДА праз Агея прарока да Зэрубабэля, сына Шэалтыэля, ваяводы Юды, і Егошуа, сына Егацадака, сьвятара вялікага, кажучы:
 

«Гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў, кажучы: “Гэты народ кажа: "Не прыйшоў час, час, каб будаваць Дом ГОСПАДА"”».
 

І было слова ГОСПАДА праз Агея прарока, кажучы:
 

«А ці вам час жыць у дамах шаляваных, калі гэты Дом спустошаны?
 

Таму цяпер гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Зьвярніце сэрца вашае на шляхі вашыя.
 

Вы сееце шмат, але зьбіраеце мала; ясьцё, але вам ня досыць; п’яцё, але не праганяеце смагу; апранаецеся, але вам ня цёпла; хто зарабляе плату, зарабляе для дзіравага капшука”.
 

Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Зьвярніце сэрца вашае на шляхі вашыя.
 

Узыйдзіце на гару, і вазіце дрэва, і будуйце Дом [Божы]; і Я буду спагадаць яму, і ўслаўлюся, кажа ГОСПАД.
 

Спадзяваліся, што будзе шмат, а вось, мала; і што прыносіце ў дом, Я тое разьвею. "Чаму?" — кажа ГОСПАД Магуцьцяў. За Дом Мой, які спустошаны, а вы бяжыцё кожны да дому свайго.
 

Таму неба над вамі заставалася без расы, і зямля заставалася бяз плоду.
 

І Я паслаў суш на зямлю, і на горы, і на збожжа, і на вінаград, і на алей, і на тое, што выдае зямля, і на людзей, і на быдла, і на ўсю працу рук”».
 

І паслухалі Зэрубабэль, сын Шэалтыэля, і Егошуа, сын Егацадака, сьвятар вялікі, і ўся рэшта народу голас ГОСПАДА, Бога свайго, і словы Агея прарока, бо ГОСПАД, Бог іхні, паслаў яго, і народ баяўся ГОСПАДА.
 

І сказаў Агей, пасланец ГОСПАДА, будучы пасланым ГОСПАДАМ да народу, кажучы: «Я з вамі, кажа ГОСПАД».
 

І ўзрушыў ГОСПАД дух Зэрубабэля, сына Шэалтыэля, ваяводы Юды, і дух Егошуа, сына Егацадака, сьвятара вялікага, і дух усёй рэшты народу, і яны прыйшлі, і рабілі работу ў Доме ГОСПАДА Магуцьцяў, Бога свайго,
 

у дваццаць чацьвёрты дзень, у шосты месяц, у другі год валадара Дарыя.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.