Егошуа 1 глава

Кніга Егошуа
Пераклад Антонія Бокуна → Русского Библейского Центра

 
 

Пасьля сьмерці Майсея, слугі ГОСПАДА, сказаў ГОСПАД да Егошуа, сына Нуна, памочніка Майсея.
 

«Майсей, слуга Мой, памёр. Дык цяпер ты ўстань і перайдзі праз гэты вось Ярдан, ты і ўвесь народ гэты, у зямлю, якую Я даю сынам Ізраіля.
 

Кожнае месца, на якое ступіць нага вашая, Я даю вам, як Я сказаў Майсею.
 

Ад пустыні і ад Лібану гэтага аж да ракі вялікай, ракі Эўфрат, уся зямля Хетаў, і аж да Вялікага Мора на захад сонца будзе мяжа вашая.
 

Ніхто ня зможа супрацівіцца табе ў-ва ўсе дні жыцьця твайго, і як Я быў з Майсеем, так буду з табою. Не пакіну цябе і не адступлю ад цябе.
 

Будзь цьвёрды і мужны, бо ты гэтаму народу жэрабям разьдзеліш зямлю, якую Я запрысяг бацькам іхнім, што дам ім.
 

Толькі будзь цьвёрды і вельмі мужны, каб старанна выконваў увесь Закон, які пераказаў табе Майсей, слуга Мой. Не адступішся ад яго ані ўправа, ані ўлева, каб меў посьпех у-ва ўсім, да чаго будзеш імкнуцца.
 

Няхай не адыйдзе гэтая кніга Закону ад вуснаў тваіх, але будзеш разважаць над ёй удзень і ўначы, каб старанна выканаць усё, што напісана ў ёй. Тады будуць шчасьлівыя шляхі твае і будзеш мець посьпех.
 

Вось, Я загадваю табе: “Будзь цьвёрды і мужны, не палохайся і ня бойся, бо з табою ГОСПАД, Бог твой, усюды, куды ні пойдзеш”».
 

Загадаў тады Егошуа начальнікам народу: «Прайдзіце праз табар і загадайце народу, кажучы:
 

“Прыгатуйце сабе ежу, бо праз тры дні вы пяройдзеце праз гэты Ярдан, каб завалодаць зямлёю, якую ГОСПАД, Бог ваш, дае вам на ўласнасьць”».
 

А [сынам] Рубэна і Гада, і палове калена Манасы сказаў:
 

«Узгадайце, што вам загадаў Майсей, слуга ГОСПАДА, кажучы: “ГОСПАД, Бог ваш, даў вам супакой і зямлю гэтую.
 

Жонкі вашыя, і дзеці вашыя, і жывёла вашая будуць у зямлі, якую даў вам Майсей за Ярданам, а вы пяройдзеце са зброяй перад братамі вашымі, усе мужныя ваяры, і будзеце дапамагаць ім,
 

аж пакуль дасьць ГОСПАД супакой братам вашым, як і вам даў, каб яны таксама валодалі зямлёй, якую ГОСПАД, Бог ваш, мае даць ім. А потым вернецеся ў зямлю пражываньня вашага, якую даў вам Майсей, слуга ГОСПАДА, за Ярданам на ўсход сонца, і будзеце жыць у ёй”».
 

І яны адказалі Егошуа, кажучы: «Усё, што ты загадаў нам, зробім, і куды пашлеш, пойдзем.
 

Як слухалі мы ў-ва ўсім Майсея, так будзем слухаць цябе. Толькі няхай будзе ГОСПАД, Бог твой, з табою, як быў з Майсеем.
 

Хто будзе пярэчыць вуснам тваім і ня слухацца словаў тваіх, што загадаеш, няхай будзе пакараны сьмерцю. Ты толькі будзь цьвёрды і мужны».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.