Судзьдзяў 1 глава

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Антонія Бокуна → Русского Библейского Центра

 
 

Пасьля сьмерці Егошуа пыталіся сыны Ізраіля ў ГОСПАДА, кажучы: «Хто з нас першы выступіць супраць Хананейцаў ваяваць з імі?»
 

ГОСПАД адказаў ім: «Няхай выступіць Юда, бо Я аддаў зямлю гэтую ў рукі ягоныя».
 

І сказаў Юда Сымону, брату свайму: «Увайдзі са мной у жэрабя маё і будзем разам ваяваць супраць Хананейцаў, а я ўвайду з табой у жэрабя тваё». І пайшоў з ім Сымон.
 

І пайшоў Юда, і аддаў ГОСПАД у рукі іхнія Хананейцаў і Пэрэзэяў, і ў Бэзэку выбілі яны дзесяць тысячаў мужчын.
 

У Бэзэку сустрэліся яны з Адоні-Бэзэкам і ваявалі з ім, і перамаглі Хананейцаў і Пэрэзэяў.
 

І Адоні-Бэзэк уцёк, але яны дагналі яго, і схапілі, і адрэзалі вялікія пальцы на руках і нагах ягоных.
 

І сказаў Адоні-Бэзэк: «Семдзясят валадароў з адрэзанымі вялікімі пальцамі на руках і нагах зьбіралі крошкі пад сталом маім. І як я рабіў, так і мне Бог адплаціў». І завялі яго ў Ерусалім, і там ён памёр.
 

І ваявалі сыны Юды з Ерусалімам, і захапілі яго, і выбілі яго вострывам мяча, а горад спалілі агнём.
 

Потым зыйшлі сыны Юды і ваявалі супраць Хананейцаў, якія жылі ў гарах, у Нэгеве і ў Шэфэлі.
 

І пайшоў Юда супраць Хананейцаў, якія жылі ў Хеўроне, што раней называўся Кірыят-Арба, і пабіў Шэшая, Ахімана і Тальмая.
 

Адтуль пайшоў ён супраць жыхароў Дэбіру, які раней называўся Кірыят-Сэфэр.
 

І сказаў Халеў: «Хто нападзе на Кірыят-Сэфэр і здабудзе яго, таму дам за жонку Ахсу, дачку маю».
 

І здабыў яго Атніэль, сын Кеназа, малодшага брата Халева, і Халеў аддаў яму за жонку Ахсу, дачку сваю.
 

Калі яна прыйшла, ён намовіў яе, каб прасіла ў бацькі свайго поля. І калі яна зьлезла з асла, сказаў ёй Халеў: «Што табе?»
 

А яна адказала: «Дай мне дабраславенства, бо даў ты мне зямлю Нэгеў. Дай мне крыніцы водаў». І даў ёй Халеў крыніцы верхнія і крыніцы нізавыя.
 

Сыны Кенэя, цесьця Майсея, выйшлі з гораду Пальмаў з сынамі Юды ў пустыню Юды, якая на поўдзень ад Араду, і там абжыліся з народам.
 

І пайшоў Юда з братам сваім Сымонам, і разам напалі яны на Хананейцаў, якія жылі ў Цэфаце, і аблажылі іх закляцьцем, і назвалі горад гэты Харма.
 

І Юда здабыў Газу і ваколіцы ейныя, Ашкелён і ваколіцы ягоныя, Экрон і ваколіцы ягоныя.
 

І ГОСПАД быў з Юдам, і ён захапіў горы, але ня мог выгнаць жыхароў даліны, бо мелі яны калясьніцы жалезныя.
 

Халеву аддалі Хеўрон, як сказаў Майсей, і выгнаў ён адтуль трох сыноў Анака.
 

А сыны Бэн’яміна ня выгналі з Ерусаліму жыхароў ягоных, Евусэяў; і жывуць Евусэі па сёньняшні дзень разам з сынамі Бэн’яміна ў Ерусаліме.
 

Таксама дом Язэпа пайшоў ў Бэтэль, і ГОСПАД быў з імі.
 

І дом Язэпа выведваў Бэтэль, што раней называўся Люз,
 

і ўбачылі выведчыкі чалавека, які выходзіў з гораду, і сказалі яму: «Пакажы нам уваход у горад, і мы зьявім табе міласэрнасьць».
 

І ён паказаў ім уваход у горад, яны выбілі горад вострывам мяча, а чалавека таго і ўсю сям’ю ягоную адпусьцілі.
 

І чалавек той пайшоў у зямлю Хетаў, і заснаваў там горад, і назваў яго Люз, які гэтак называецца па сёньняшні дзень.
 

А Манаса не здабыў Бет-Шэан і Таанах з ваколіцамі іхнімі, і жыхароў Дору, і Іблеаму, і Мэгіддо з ваколіцамі іхнімі, і засталіся Хананейцы жыць на гэтай зямлі.
 

А калі Ізраільцяне ўмацаваліся, яны зрабілі Хананейцаў прыгоннымі, але іх ня выгналі.
 

І Эфраім ня выгнаў Хананейцаў, што жылі ў Гезэры, і Хананейцы жылі сярод іх у Гезэры.
 

І Завулён ня выгнаў жыхароў Кітрону і Нагалалу, і Хананейцы жылі між іх, і сталіся ў іх прыгоннымі.
 

Асэр ня выгнаў жыхароў Акко, Сідону, Ахлябу, Ахзібу, Гэльбы, Афэка і Рэхову.
 

І жыў Асэр сярод Хананейцаў, жыхароў той зямлі, бо ня выгнаў іх.
 

Нэфталі ня выгнаў жыхароў Бэт-Шэмешу і Бэт-Анату, і жыў між Хананейцаў, жыхароў зямлі гэтай, і жыхары Бэт-Шэмешу і Бэт-Анату былі ў яго прыгоннымі.
 

І выпхнулі Амарэйцы сыноў Дана ў горы, і не далі ім зыйсьці ў даліну.
 

Амарэйцы жылі ў Гар-Хэрэсе, у Аялоне і ў Шаальбіме. І цяжэла над імі рука дому Язэпа, і яны былі ў яго прыгоннымі.
 

А межы Амарэйцаў цягнуліся ад узвышша Акраббім і да Сэлі і вышэй.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.