Міхея 1 глава

Кніга прарока Міхея
Пераклад Антонія Бокуна → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Слова ГОСПАДА, якое было да Міхея з Марэшэты ў дні Ётама, Ахаза і Эзэкіі, валадароў Юды, якое ён бачыў адносна Самарыі і Ерусаліму.
 

Пачуйце, усе народы, прыхілі вуха, зямля і ўсё, што напаўняе яе! І няхай будзе Госпад ГОСПАД як сьведка супраць вас, Госпад са сьвятыні Сваёй сьвятой.
 

Бо, вось, ГОСПАД выходзіць з месца Свайго, і зыходзіць, і крычыць на вышынях зямлі.
 

І горы топяцца прад Ім, і даліны расьцякаюцца, як воск перад абліччам агню, як воды, якія ільюцца па схілах.
 

За правіну Якуба [адбываецца] ўсё гэта і за грахі дому Ізраіля. Якая правіна Якуба? Ці ж не Самарыя? І якія ўзгоркі ў Юды? Ці ж не Ерусалім?
 

І Я зраблю Самарыю як купу друзу ў полі, як [месца], каб садзіць вінаград, і скіну ў даліну камяні ейныя, і падмуркі ейныя агалю.
 

І ўсе балваны ейныя будуць пабітыя, і ўсе платы [за распусту] ейную будуць спалены агнём, і ўсе ідалы ейныя зраблю пустэчаю, бо яна сабрала іх за плату за распусту, і на плату за распусту яны вернуцца.
 

З гэтае прычыны я лямантую і галашу, хаджу босы і голы; учыню лямант, як цмокі, і жалобу, як страусы.
 

Бо раны ейныя невылечныя, бо прыйшло [гэта] да Юды, дакранаецца да брамы народу Майго, да Ерусаліму.
 

Не абвяшчайце [гэта] ў Гаце і плачам ня плачце; у Бэт-Леафры качайцеся ў пыле.
 

Ідзі сабе, жыхарка Шафіру, у голасьці і ганьбе; ня выйдзе жыхарка Цаанану; лямант Гаэцэлю ня дасьць вам спыніцца ў ім.
 

Бо чакала дабра жыхарка Мароту, але ліха зыйшло ад ГОСПАДА да брамы Ерусаліму.
 

Запражы дрыгантаў у калясьніцу, жыхарка Ляхішу. Ты — пачатак грэху для дачкі Сыёну, бо ў цябе знойдзены правіны Ізраіля.
 

Дзеля гэтага дасі ліст разводны для Марэшэт-Гату; дамы Ахзіва — падман для валадароў Ізраіля.
 

Яшчэ спадкаемцу прывяду да цябе, жыхарка Марэшы. Аж да Адуляму пойдзе слава Ізраіля.
 

Пастрыжыся і пагаліся з прычыны сыноў асалоды тваёй; пашыр лысіну тваю, як у арла, бо яны пойдуць у палон ад цябе.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.