Дзеі 1 глава

Дзеі Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Першую аповесьць учыніў я, Тэафіле, пра ўсё, што пачаў Ісус рабіць і навучаць
 

да таго дня, у які быў узьнесены, даўшы праз Духа Сьвятога загады апосталам, якіх выбраў,
 

і перад якімі зьявіў Сябе жывым пасьля цярпеньняў Сваіх са шматлікімі доказамі, на працягу сарака дзён паказываючыся ім і кажучы пра Валадарства Божае.
 

І, сабраўшы іх, загадаў ім: «Не адыходзьце з Ерусаліму, але чакайце на абяцаньне Айца, пра якое вы чулі ад Мяне,
 

што Ян хрысьціў вадою, а вы праз некалькі дзён будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым».
 

А яны, зыйшоўшыся, пыталіся ў Яго, кажучы: «Госпадзе, ці ня ў гэты час Ты адновіш валадарства Ізраіля?»
 

Ён жа сказаў ім: «Ня вам ведаць час ці пару, якія Айцец паклаў ва ўладзе Сваёй,
 

але вы возьмеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне сьведкамі ў Ерусаліме, і ў-ва ўсёй Юдэі і Самарыі, і нават да краю зямлі».
 

І, сказаўшы гэтае, Ён быў падняты, калі яны глядзелі [на Яго], і воблака ўзяло Яго ад вачэй іхніх.
 

І калі яны ўглядаліся ў неба, як Ён адыходзіў, вось, два мужы сталі перад імі ў белым адзеньні
 

і сказалі: «Мужы Галілейскія! Чаго вы стаіцё, гледзячы ў неба? Гэты Ісус, узяты ад вас у неба, прыйдзе гэтак сама, як вы бачылі Яго, што ідзе ў неба».
 

Тады яны вярнуліся ў Ерусалім з гары, называнай Аліўнай, што блізка ад Ерусаліму, за дзень суботні ходу.
 

І, калі прыйшлі, узыйшлі ў залю, дзе былі Пётар, і Якуб, і Ян, і Андрэй, Філіп і Тамаш, Барталамей і Мацьвей, Якуб Алфеяў і Сымон Зілот, і Юда Якубаў.
 

Усе яны трывалі аднадушна ў малітвах і просьбах разам з жанчынамі, і Марыяй, маці Ісуса, і братамі Ягонымі.
 

І ў тыя дні Пётар, устаўшы сярод вучняў, сказаў, — а была грамада імёнаў разам каля ста дваццаці:
 

«Мужы браты! Мусіла споўніцца тое Пісаньне, якое казаў раней Дух Сьвяты праз вусны Давіда пра Юду, што стаўся павадыром тых, якія схапілі Ісуса,
 

што быў ён палічаны з намі, і выпала яму жэрабя служэньня гэтага.
 

Ён, што праўда, прыдбаў поле за нагароду няправеднасьці і, рынуўшыся, разьдзёрся папалове, і вываліліся ўсе ўнутранасьці ягоныя,
 

і сталася гэта вядома ўсім, хто жыве ў Ерусаліме, так што поле тое названае на іхняй мове Акельдама, гэта ёсьць Поле крыві.
 

Бо напісана ў кнізе Псальмаў: “Няхай станецца двор ягоны пустым, і няхай ніхто не жыве ў ім”, і: “Урад ягоны няхай возьме іншы”.
 

Дык з тых мужоў, якія зыходзіліся з намі праз увесь час, калі прыходзіў і выходзіў да нас Госпад Ісус,
 

пачынаючы ад хрышчэньня Янавага ажно да дня, калі Ён быў узяты ад нас, адзін з іх мусіць стацца разам з намі сьведкам уваскрасеньня Яго».
 

І паставілі двух: Язэпа, называнага Барсабам, якога звалі Юстам, і Мацея,
 

і, молячыся, сказалі: «Ты, Госпадзе, Які ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў
 

узяць жэрабя служэньня гэтага і апостальства, ад якога адступіўся Юда, каб ісьці на месца сваё».
 

І кінулі жэрабя пра іх, і ўпала жэрабя на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццаці апосталаў.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.