2 Пятра 1 глава

Другое паўсюднае пасланьне Апостала Пятра
Пераклад Антонія Бокуна → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Сымон Пётар, слуга і апостал Ісуса Хрыста, — тым, якія прынялі з намі роўна каштоўную веру ў праведнасьці Бога нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста:
 

ласка вам і супакой няхай памножацца ў пазнаньні Бога і Ісуса, Госпада нашага.
 

Як Боская моц Ягоная падаравала нам усё дзеля жыцьця і пабожнасьці, праз пазнаньне Таго, Хто паклікаў нас славаю і цнотаю,
 

праз якія падараваныя нам найвялікшыя і каштоўныя абяцаньні, каб праз іх сталіся вы супольнікамі Боскае прыроды, пазьбегнуўшы сапсутасьці ў пажаданьні, якое ў сьвеце,
 

дык вы, прыкладаючы да гэтага ўсякую дбайнасьць, зьявіце ў веры вашай цноту, а ў цноце — разуменьне,
 

а ў разуменьні — стрыманасьць, а ў стрыманасьці — цярплівасьць, а ў цярплівасьці —пабожнасьць,
 

а ў пабожнасьці — браталюбства, а ў браталюбстве — любоў.
 

Калі гэтае ў вас ёсьць і памнажаецца, вы не застанецеся бязьдзейнымі і бясплоднымі ў пазнаньні Госпада нашага Ісуса Хрыста.
 

Бо хто ня мае гэтага, той сьляпы, невідушчы, забыўся, што атрымаў ачышчэньне даўнейшых сваіх грахоў.
 

Дзеля гэтага, браты, яшчэ больш намагайцеся рабіць цьвёрдым вашае пакліканьне і выбраньне, бо гэтак робячы, ніколі не спатыкняцёся,
 

бо гэтак шырока зьявіцца вам уваход у вечнае Валадарства Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста.
 

Дзеля гэтага я ня буду занядбоўваць заўсёды нагадваць вам пра гэтае, хоць вы і ведаеце гэта, і ўмацаваныя ў гэтай праўдзе.
 

Справядлівым жа лічу, пакуль знаходжуся ў гэтай будыніне, пабуджаць вас нагадваньнем,
 

ведаючы, што хутка пакіну маю будыніну, як і Госпад наш Ісус Хрыстос мне паведаміў.
 

Але буду намагацца, каб вы і пасьля майго адыходу заўсёды ўспаміналі гэтае.
 

Бо мы зрабілі вядомымі вам моц і прыйсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, не за мудрагелістымі байкамі ідучы сьледам, але быўшы відавочцамі велічы Ягонай,
 

бо Ён прыняў ад Бога Айца пашану і славу, калі ад велічнае славы зыйшоў да Яго гэтакі голас: «Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне».
 

І гэты голас, які зыходзіў з неба, мы чулі, быўшы з Ім на гары сьвятой.
 

І мы маем цьвёрдае прарочае слова, і вы добра робіце, што зважаеце на яго, як на сьветач, што сьвеціць у цёмным месцы, пакуль не пачне днець і ня ўзыйдзе зараніца ў сэрцах вашых,
 

разумеючы спачатку, што ніякае прароцтва з Пісаньня ня мае адвольнага тлумачэньня,
 

бо ніколі прароцтва не прыносілася воляй чалавека, але гаварылі яго сьвятыя Божыя людзі, ведзеныя Духам Сьвятым.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.