1 Карыньцянам 1 глава

Першае пасланьне да Карыньцянаў Апостала Паўла
Пераклад Антонія Бокуна → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Павал, з волі Божай пакліканы апостал Ісуса Хрыста, і Састэн, брат, —
 

царкве Божай, якая ў Карыньце, асьвячоным у Хрысьце Ісусе, пакліканым сьвятым з усімі, якія прызываюць імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў-ва ўсякім месцы, у іх і ў нас:
 

ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 

Заўсёды дзякую Богу майму за вас з прычыны ласкі Божае, дадзенае вам у Хрысьце Ісусе,
 

бо ўсім вы ўзбагаціліся ў Ім, усякім словам і ўсякім веданьнем, —
 

бо сьведчаньне Хрыстовае сьцьверджана ў вас, —
 

так што вы ня маеце нястачы ані ў якім дары, чакаючы адкрыцьця Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 

Які і ўгрунтуе вас да канца быць бездакорнымі ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.
 

Верны Бог, праз Якога вы пакліканыя ў супольнасьць Сына Ягонага Ісуса Хрыста, Госпада нашага.
 

Малю вас, браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб усе вы казалі тое самае, і не было між вамі падзелаў, але каб вы былі злучаны ў тым самым розуме і ў той самай думцы.
 

Бо паведамлена мне ад Хлоіных пра вас, браты мае, што між вамі ёсьць сваркі.
 

А кажу пра тое, што кожны з вас кажа: «Я — Паўлавы», «А я — Апалёсавы», «А я — Кіфавы», «А я — Хрыстовы».
 

Ці разьдзяліўся Хрыстос? Ці Павал быў укрыжаваны за вас? Ці ў імя Паўла вы былі ахрышчаныя?
 

Дзякую Богу, што я нікога з вас не ахрысьціў, акрамя Крыспа і Гая,
 

каб не сказаў хто, што я хрысьціў у маё імя.
 

Ахрысьціў я таксама дом Стэфана, а ці ахрысьціў яшчэ каго, ня ведаю.
 

Бо Хрыстос паслаў мяне не хрысьціць, але дабравесьціць, і ня ў мудрасьці слова, каб не прынізіць крыжа Хрыстовага.
 

Бо слова пра крыж для тых, якія гінуць, ёсьць глупства, а для нас, якія ідуць на збаўленьне, — сіла Божая.
 

Бо напісана: «Загублю мудрасьць мудрых і розум разумных адкіну».
 

Дзе мудры? Дзе кніжнік? Дзе дасьледчык гэтага веку? Ці не зрабіў Бог мудрасьць сьвету гэтага глупствам?
 

Бо калі сьвет праз мудрасьць не пазнаў Бога ў мудрасьці Божай, спадабалася Богу праз глупства пропаведзі збавіць тых, якія вераць.
 

Бо і Юдэі просяць знакаў, і Грэкі шукаюць мудрасьці;
 

а мы абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, для Юдэяў — згаршэньне, а для Грэкаў — глупства,
 

а для тых, якія пакліканыя, і Юдэяў, і Грэкаў, — Хрыста, Божую сілу і Божую мудрасьць.
 

Бо тое, што дурное ў Бога, мудрэйшае за людзей, і тое, што слабое ў Бога, дужэйшае за людзей.
 

Бо паглядзіце, браты, на пакліканьне вашае, што ня шмат [сярод вас] мудрых паводле цела, ня шмат магутных, ня шмат высакародных,
 

але Бог выбраў дурноту сьвету, каб асароміць мудрых, і слабое сьвету выбраў Бог, каб асароміць магутных,
 

і бязроднае сьвету, і пагарджанае, і тое, што ёсьць нічым, выбраў Бог, каб зьнішчыць тое, што нечым ёсьць,
 

каб ніводнае цела не хвалілася перад Ім.
 

А вы — з Яго ў Хрысьце Ісусе, Які стаўся для нас мудрасьцю ад Бога, і праведнасьцю, і асьвячэньнем, і адкупленьнем,
 

каб было, як напісана: «Хто хваліцца, няхай у Госпадзе хваліцца».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.