Марка 1 глава

Эвангельле паводле Марка
Пераклад Антонія Бокуна → Комментарии Скоуфилда

Пераклад Антонія Бокуна

1 Пачатак Эвангельля Ісуса Хрыста, Сына Божага.
2 Як напісана ў Прарокаў: «Вось Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою.
3 Голас таго, хто кліча ў пустыні: Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яго».
4 Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрышчэньне навяртаньня дзеля адпушчэньня грахоў.
5 І выходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе Ерусалімцы, і ўсе былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае.
6 І быў Ян апрануты ў вярблюдавы волас, і скураны пояс на паясьніцы яго, і еў ён саранчу і дзікі мёд.
7 І абвяшчаў ён, кажучы: «Ідзе за мной Дужэйшы за мяне, Якому я ня варты, нахіліўшыся, разьвязаць рамень сандалаў Ягоных.
8 Я хрышчу вас вадой, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым».
9 І сталася ў тыя дні, прыйшоў Ісус з Назарэту Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане.
10 І адразу, як выходзіў з вады, убачыў адкрытае неба і Духа, як голуба, што зыходзіў на Яго.
11 І голас быў з неба: «Ты — Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне».
12 І адразу Дух вядзе Яго ў пустыню.
13 І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушваны шатанам; і быў між зьвяроў, і анёлы паслугавалі Яму.
14 А пасьля таго, як Ян быў выдадзены, прыйшоў Ісус у Галілею, абвяшчаючы Эвангельле Валадарства Божага
15 і кажучы, што споўніўся час і наблізілася Валадарства Божае: «Навярніцеся і верце ў Эвангельле!»
16 І, праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, што закідвалі [нерат] у мора, бо былі яны рыбаловамі.
17 І сказаў ім Ісус: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей».
18 І адразу, пакінуўшы сеткі свае, яны пайшлі за Ім.
19 І, адыйшоўшыся адтуль недалёка, убачыў Ён Якуба Заўдыявага і Яна, брата ягонага, як яны ў чаўне напраўлялі сеткі.
20 І адразу паклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Заўдыя ў чаўне з работнікамі, пайшлі за Ім.
21 І ўваходзяць у Капэрнаум. І адразу ў суботу, увайшоўшы ў сынагогу, Ён навучаў.
22 І ўсе дзівіліся з вучэньня Ягонага, бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
23 І быў у сынагозе іхняй чалавек, [апанаваны] духам нячыстым, і закрычаў ён,
24 кажучы: «Пакінь! Што нам і Табе, Ісус Назарэец? Ты прыйшоў загубіць нас? Ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы!»
25 Але прыгразіў яму Ісус, кажучы: «Замаўчы і выйдзі з яго!»
26 І нячысты дух, тузануўшы яго і загаласіўшы моцным голасам, выйшаў з яго.
27 І аслупянелі ўсе, таму пыталіся адзін аднаго, кажучы: «Што гэта? Што гэта за новае вучэньне, што з уладаю загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?»
28 І адразу пайшла чутка пра Яго паўсюль у-ва ўсёй ваколіцы Галілейскай.
29 І, адразу выйшаўшы з сынагогі, прыйшлі яны ў дом Сымона і Андрэя разам з Якубам і Янам.
30 Цешча ж Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.
31 І, падыйшоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку, і адразу пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім.
32 А калі настаў вечар, як сонца зайшло, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі;
33 і ўвесь горад сабраўся перад дзьвярыма.
34 І Ён аздаравіў многіх хворых на розныя хваробы, і многіх дэманаў выгнаў, і не дазваляў дэманам гаварыць, што яны ведаюць, што Ён — Хрыстос.
35 І раніцай, на самым досьвітку ўстаўшы, выйшаў, і пайшоў у пустыннае месца, і там маліўся.
36 І пайшлі за Ім Сымон і тыя, што з ім [былі],
37 і, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: «Усе шукаюць Цябе».
38 А Ён кажа ім: «Хадзем у бліжэйшыя паселішчы, каб і там Я абвяшчаў, бо Я дзеля гэтага прыйшоў».
39 І Ён абвяшчаў у сынагогах іхніх па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.
40 І прыходзіць да Яго пракажоны, просячы Яго і падаючы перад Ім на калені, і кажучы Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».
41 Дык Ісус, зьлітаваўшыся, працягнуў руку і дакрануўся да яго, і кажа яму: «Хачу, будзь ачышчаны».
42 І калі сказаў, адразу зыйшла з яго праказа і стаў ачышчаны.
43 І, грозна глянуўшы на яго, адразу выправіў яго,
44 і сказаў яму: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся сьвятару і прынясі за ачышчэньне сваё тое, што загадаў Майсей, дзеля сьведчаньня ім».
45 Але ён, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і шырыць кругом гэта слова, што [Ісус] ужо ня мог адкрыта ўвайсьці ў горад, але быў вонкі, у мясьцінах пустынных. І прыходзілі да Яго адусюль.

Комментарии Скоуфилда

К этой главе нет комментариев.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.