Да Эфесян 1 глава

Да Эфесян Пасланне святога Апостала Паўла
Пераклад праваслаўнай царквы → Толкования Августина

Пераклад праваслаўнай царквы

1 Павел, воляю Божаю апостал Іісуса Хрыста, святы́м, што ў Эфэсе, і ве́рным у Хрысце Іісусе:
2 благадаць вам і мір ад Бога, Айца нашага, і Госпада Іісуса Хрыста.
3 Благаславёны Бог і Айцец Госпада нашага Іісуса Хрыста, што благаславіў нас усякім духоўным благаславе́ннем на нябёсах у Хрысце,
4 бо Ён выбраў нас у Ім раней за стварэнне свету, каб мы былі святымі і беззага́ннымі перад Ім у любові,
5 прадвы́значыўшы нас для ўсынаўле́ння Сабе праз Іісуса Хрыста паводле жада́ння волі Сваёй,
6 дзеля ўсхвале́ння ве́лічы благадаці Сваёй, якою Ён адары́ў нас ва Узлю́бленым,
7 у Якім мы маем выкупле́нне Крывёю Яго, прабачэ́нне грахоў паводле багацця благадаці Яго,
8 якую Ён шчодра явіў нам ва ўсякай праму́драсці і разуме́нні,
9 адкрыўшы нам тайну волі Сваёй паводле жада́ння Свайго, якое Ён прадустанавíў у Ім,
10 на здзяйсне́нне паўнаты́ часоў, каб з’ядна́ць усё нябеснае і зямное ў Хрысце, пад Ім як галавою;
11 у Ім мы і сталі спадкае́мцамі, бу́дучы прадвы́значанымі згодна з прадустанаўле́ннем Таго, Хто ўсё здзяйсня́е паводле рашэння волі Сваёй,
12 каб паслужы́лі ўсхвале́нню ве́лічы Яго мы, якія і раней спадзява́ліся на Хрыста;
13 у Ім і вы, пачуўшы слова ісціны, дабравесце спасення вашага, і ўвераваўшы ў Яго, пазначаны пячаццю абяцанага Духа Святога,
14 Які ёсць залог спадчыны нашай, дзеля выкупле́ння здабы́тку Яго, дзеля ўсхвале́ння ве́лічы Яго.
15 Таму і я, пачуўшы пра вашу веру ў Госпада Іісуса і пра любоў да ўсіх святых,
16 не перастаю дзякаваць за вас Богу, памінаючы вас у малітвах сваіх,
17 каб Бог Госпада нашага Іісуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа прамудрасці і адкравення на спазнанне Яго,
18 і прасвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, у чым надзея паклікання Яго, і ў чым багацце славы спадчыны Яго для святых,
19 і ў чым бязмерная веліч сілы Яго для нас, якія веруем праз дзеянне ўладарнай магутнасці Яго,
20 якую Ён праявіў у Хрысце, уваскрасіўшы Яго з мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе на нябёсах,
21 вышэй за ўсякае начальства, і ўладу, і сілу, і валадарства, і за ўсякае імя, называнае не толькі ў гэтым веку, але і ў будучым,
22 і усё пакары́ў пад ногі Яго, і паставіў Яго над усім, галавою Царквы,
23 якая ёсць Цела Яго, паўната Таго, Хто напаўняе ўсё ва ўсім.

Толкования Августина

К этой главе нет комментариев.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.