Апакаліпсіс 1 глава

Апакаліпсіс, або Адкравенне святога Апостала Іаана Багаслова
Пераклад праваслаўнай царквы → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Адкраве́нне Іісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказа́ць раба́м Сваім тое, што павíнна адбы́цца неўзаба́ве. І Ён явíў гэта, пасла́ўшы праз А́нгела Свайго рабу́ Свайму Іаа́ну,
 
Адкрыцьцё Ісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаў слугам Сваім, што мусіць стацца неўзабаве. І Ён даў знак, паслаўшы [яго] праз анёла Свайго слузе Свайму Яну,

які засве́дчыў сло́ва Божае, і све́дчанне Іісуса Хрыста, і ўсё, што ён бачыў.
 
які засьведчыў слова Божае, і сьведчаньне Ісуса Хрыста, і ўсё, што бачыў.

Блажэ́нны той, хто чыта́е, і тыя, што слу́хаюць сло́вы праро́цтва гэтага і выко́нваюць напíсанае ў ім; бо час блíзкі.
 
Шчасьлівы той, які чытае, і тыя, якія слухаюць словы прароцтва і захоўваюць тое, што напісана ў ім, бо час блізкі.

Іаа́н — сямí Цэ́рквам, што ў Асíі: благада́ць вам і мір ад Таго, Які ёсць, і быў, і ма́е прыйсцí, і ад сямí духаў, што пе́рад прасто́лам Яго,
 
Ян — да сямі цэркваў, што ў Азіі: ласка вам і супакой ад Таго, Які ёсьць, і Які быў, і Які прыходзіць, і ад сямі духаў, якія перад пасадам Ягоным,

і ад Іісуса Хрыста; Ён — све́дка ве́рны, пе́ршынец з мёртвых і ўлада́р царо́ў зямны́х; Яму, Які ўзлюбíў нас, і амы́ў нас ад грахо́ў нашых крывёю Сваёю,
 
і ад Ісуса Хрыста, сьведкі вернага, Першароднага з мёртвых і Начальніка валадароў зямных. Яму, Які палюбіў нас і ў крыві Сваёй абмыў нас ад грахоў нашых,

і зрабíў нас цара́мі і свяшчэ́ннікамі Богу і Айцу Свайму, сла́ва і ўла́да на ве́кі вякоў. Амíнь.
 
і зрабіў нас валадарамі і сьвятарамі Богу і Айцу Свайму, слава і ўлада на вякі вякоў. Амэн.

Вось, Ён прыхо́дзіць з абло́камі; і ўба́чыць яго кожнае во́ка і тыя, што праця́лі Яго; і запла́чуць перад Ім усе плямёны зямны́я. Так, амíнь.
 
Вось, Ён прыходзіць з аблокамі, і ўгледзіць Яго кожнае вока і тыя, якія прабілі Яго, і заплачуць перад Ім усе плямёны зямлі. Так, амэн.

Я — А́льфа і Аме́га, пача́так і кане́ц, ка́жа Гасподзь, Які ёсць, і быў, і ма́е прыйсцí, Уседзяржы́цель.
 
«Я ёсьць Альфа і Амэга, Пачатак і Канец, — кажа Госпад, — Які ёсьць, і Які быў, і Які прыходзіць, Усеўладны».

Я, Іаа́н, брат ваш і супо́льнік у го́ры, і ў ца́рстве, і ў цярплíвасці Іісуса Хрыста, быў на во́страве, які называ́ецца Па́тмас, за сло́ва Божае і за све́дчанне Іісуса Хрыста.
 
Я, Ян, брат ваш і ўдзельнік у прыгнёце, і ў Валадарстве, і ў цярплівасьці Ісуса Хрыста, быў на востраве, называным Патмас, за слова Божае і за сьведчаньне Ісуса Хрыста.

Я быў у Ду́ху ў дзень Гасподні і пачу́ў за сваёю спíнаю го́лас мо́цны, як гук трубы́, які каза́ў: Я — А́льфа і Аме́га, пе́ршы і апо́шні;
 
Я быў у духу ў дзень Госпада і пачуў за сабою вялікі голас, як трубы,

тое, што ба́чыш, запішы́ ў кнíгу і пашлí Цэ́рквам, якія ў Асíі: у Эфе́с, і ў Смíрну, і ў Перга́м, і ў Фіяты́ру, і ў Сарды́с, і ў Філадэ́льфію, і ў Лаадыкíю.
 
які казаў: «Я ёсьць Альфа і Амэга, Першы і Апошні; і што бачыш, напішы ў кнігу і пашлі цэрквам, што ў Азіі: у Эфэс, і ў Сьмірну, і ў Пэргам, і ў Тыятыру, і ў Сарды, і ў Філядэльфію, і ў Ляадыкею».

Я абярну́ўся, каб паглядзе́ць, чый голас прамаўля́ў да мяне; і, абярну́ўшыся, уба́чыў сем залаты́х свяцíльнікаў
 
І я павярнуўся, каб пабачыць той голас, што гаварыў са мною, і, павярнуўшыся, убачыў сем залатых сьвечнікаў,

і пасяро́д сямí свяцíльнікаў падо́бнага да Сы́на Чалаве́чага, апра́нутага ў пады́р і на грудзя́х апераза́нага залаты́м по́ясам:
 
і сярод сямі сьвечнікаў — Падобнага да Сына Чалавечага, Які апрануты ў доўгую шату і падперазаны праз грудзі залатым паясом.

галава́ Яго і валасы́ — бе́лыя, як бе́лая во́ўна, як снег; і во́чы Яго — як по́лымя во́гненнае;
 
А галава Ягоная і валасы белыя, як белая воўна, як сьнег; і вочы Ягоныя — як полымя агню,

і но́гі Яго падо́бны да ліва́нскай ме́дзі, распа́ленай у пе́чы; і го́лас Яго — як шум вод вялíкіх.
 
і ногі Ягоныя падобныя да халкалібану, як у печы распаленыя; і голас Ягоны — як гук водаў многіх.

Ён трыма́ў у пра́вай руцэ́ Сваёй сем зо́рак, і з ву́снаў Яго выхо́дзіў двухбаковаво́стры меч; і аблíчча Яго — як со́нца, што ззя́е ў сіле сваёй.
 
І меў Ён у правай руцэ Сваёй сем зорак, і з вуснаў Ягоных выходзіў меч двусечны востры; і твар Ягоны — як сонца, якое сьвеціць у сіле сваёй.

І калі я ўба́чыў Яго, то ўпаў да ног Яго, як мёртвы. І Ён пакла́ў на мяне пра́вую руку́ Сваю і сказа́ў мне: не бо́йся; Я — пе́ршы і апо́шні
 
І калі я ўбачыў Яго, я ўпаў ля ног Ягоных як мёртвы, і Ён паклаў на мяне правую руку Сваю, кажучы мне: «Ня бойся. Я ёсьць Першы і Апошні,

і жывы́; і быў мёртвым, і вось, жывы́ на ве́кі вякоў, амíнь; і ма́ю ключы́ ад пе́кла і сме́рці.
 
і Жывы, і Я быў мёртвы, і вось, жыву на вякі вякоў, амэн. І Я маю ключы пекла і сьмерці.

Дык вось, напішы́, што́ ты ба́чыў, і што́ ёсць, і што́ будзе пасля́ гэтага.
 
Напішы, што ты бачыў, і што ёсьць, і што мае стацца пасьля гэтага.

Та́йна сямí зо́рак, якія ты ба́чыў у пра́вай руцэ́ Маёй, і сямí залаты́х свяцíльнікаў вось у чым: сем зо́рак — гэта А́нгелы сямí Цэ́ркваў; а сем свяцíльнікаў, якія ты ба́чыў, — гэта сем Цэ́ркваў.
 
Тайна сямі зорак, якія ты бачыў у правіцы Маёй, і сямі сьвечнікаў залатых: сем зорак — гэта анёлы сямі цэркваў, а сем сьвечнікаў, якія ты бачыў, — гэта сем цэркваў.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.