1 да Карынфян 1 глава

Да Карынфян 1-е Пасланне святога Апостала Паўла
Пераклад праваслаўнай царквы → В переводе Лутковского

 
 

Павел, воляю Божаю паклíканы Апостал Іісуса Хрыста, і Сасфе́н брат, —
 

Царкве Божай, якая ў Карынфе, асвячоным у Хрысце Іісусе, пакліканым святым, з усімі, хто прызывае імя́ Госпада нашага Іісуса Хрыста ў кожным месцы, у іх і ў нас:
 

благадаць вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Іісуса Хрыста.
 

Дзякую заўсёды Богу майму за вас, за благадаць Божую, дадзеную вам ў Хрысце Іісусе,
 

таму што ў Ім вы ўзбагаціліся ўсім, усякім словам і ўсякім пазнаннем,
 

паколькі сведчанне Хрыстова ўмацавалася ў вас,
 

так што вы не маеце нястачы ні ў якім дары, чакаючы адкравення Госпада нашага Іісуса Хрыста,
 

Які і ўмацуе вас да канца, каб вы былí беззаганнымі ў дзень Госпада нашага Іісуса Хрыста.
 

Верны Бог, Якім вы пакліканы да супольнасці з Сынам Яго Іісусам Хрыстом, Госпадам нашым.
 

Малю́ вас, браты, імем Госпада нашага Іісуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно і не было паміж вамі падзе́лаў, але каб вы былі злучаны адным разуменнем і адною думкаю.
 

Бо ад дамашніх Хлоі стала мне вядома пра вас, браты мае́, што паміж вамі ёсць спрэчкі.
 

Кажу я так, бо кожны з вас гаворыць: я Паўлаў; а я Апалосаў; а я Кіфаў; а я Хрыстоў.
 

Няўжо раздзяліўся Хрыстос? хіба́ Павел быў распя́ты за вас? ці ў імя Паўла вы хрысціліся?
 

Дзякую Богу, што я нікога з вас не хрысціў, акрамя Крыспа і Гаія,
 

каб хто не сказаў, што я хрысціў у сваё імя́.
 

Хрысціў я таксама дом Сцяфанаў; а больш не ведаю, ці хрысціў каго іншага.
 

Бо Хрыстос мяне паслаў не хрысцíць, а дабраве́сціць, і то не ў мудрасці слова, каб не зрабіць марным крыж Хрыстоў.
 

Бо слова пра крыж для тых, якія гінуць, — гэта неразумнасць, а для нас, якія спасаемся, — сіла Божая.
 

Бо напісана: «загублю мудрасць мудрацоў, і розум разумных адкіну».
 

Дзе мудрэц? дзе кніжнік? дзе знаўца веку гэтага́ Ці не ператварыў Бог мудрасць свету гэтага ў неразумнасць?
 

Паколькі ж свет сваёю мудрасцю не пазнаў Бога ў прамудрасці Божай, то пажадаў Бог праз «неразумнасць» пропаведзі спасці веруючых.
 

Бо і Іудзеі патрабуюць цудаў, і Эліны шукаюць мудрасці;
 

а мы прапаведуем Хрыста распятага: для Іудзеяў спакусу, для Элінаў неразумнасць,
 

для саміх жа пакліканых — як Іудзеяў, так і Элінаў — Хрыста, Божую сілу і Божую прамудрасць;
 

таму што «неразумнае» Божае мудрэйшае за людзей і «слабае» Божае мацнейшае за людзей.
 

Паглядзіце ж, браты, хто вы, паклíканыя: не многа сярод вас мудрых па плоці, не многа магутных, не многа высакародных;
 

але Бог вы́браў неразумнае свету, каб пасароміць мудрых, і слабае свету выбраў Бог, каб пасароміць моцнае;
 

і бязроднае свету, і прыніжанае, і нязначнае выбраў Бог, каб пазбавіць сілы значнае, —
 

каб ніякая плоць не хвалілася перад Богам.
 

Ад Яго ж і вы ў Хрысце Іісусе, Які стаў прамудрасцю для нас ад Бога, і праведнасцю, і асвячэннем, і адкупленнем,
 

каб было, як напісана: «хто хва́ліцца, няхай Госпадам хва́ліцца».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.