1 Пятра 1 глава

1-е Саборнае Пасланне святога апостала Пятра
Пераклад праваслаўнай царквы → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Пётр, Апостал Іісуса Хрыста, — перасяле́нцам, рассе́яным ў По́нце, Гала́тыі, Кападакíі, Асíі і Віфíніі, абра́ным
 

паводле прадве́дання Бога Айца праз асвячэ́нне Ду́хам для паслушэ́нства і акрапле́ння Крывёю Іісуса Хрыста́: благада́ць і мір вам няхай прымно́жацца.
 

Благаславёны Бог і Айцец Госпада нашага Іісуса Хрыста́, Які па вялíкай Сваёй мíласці адрадзíў нас праз уваскрасе́нне з мёртвых Іісуса Хрыста да надзе́і жыво́й,
 

да спа́дчыны нятле́ннай, чы́стай, неўвяда́льнай, захава́най на нябёсах для вас,
 

якія сілаю Божаю праз веру зберага́ецеся для спасе́ння, гато́вага адкры́цца ў час апошні.
 

Гэтаму ра́дуйцеся, крыху́ цяпер, калі трэба, пасмуткава́ўшы ад розных спаку́саў,
 

каб вы́прабаваная вера ваша стала кашто́ўнейшай за золата, якое гíне, хоць і ў агні выпрабо́ўваецца, на пахвалу́, і паша́ну, і славу ў час яўле́ння Іісуса Хрыста́,
 

Якога вы, не ба́чыўшы, лю́біце, у Якога, цяпер не ба́чачы, ве́руеце і ліку́еце радасцю невымо́ўнаю і сла́ўнаю,
 

дасяга́ючы вы́ніку веры вашай — спасе́ння душ;
 

гэтага спасе́ння і даты́чыліся по́шукі і дасле́даванні прарокаў, якія прадка́звалі прызна́чаную вам благада́ць,
 

дасле́дуючы, на каторы і на які час ука́зваў Дух Хрыстоў, Які быў у іх і Які прадвяшча́ў паку́ты Хрыстовы і пасля іх — славу;
 

ім адкры́та было́, што не ім самім, а нам служы́ла тое, што цяпер прапаве́дана вам праз дабраве́снікаў Ду́хам Святы́м, пасла́ным з неба, да чаго жада́юць прынíкнуць Ангелы.
 

Таму, падпераза́ўшы паяснíцы ро́зуму вашага, захо́ўваючы цвяро́засць, ца́лкам ускладзíце спадзява́нне на благада́ць, якая да́дзена будзе вам у час яўле́ння Іісуса Хрыста́.
 

Як паслухмя́ныя дзеці, не кіру́йцеся ране́йшымі пажа́днасцямі, якія былí з-за няве́дання вашага,
 

але па пры́кладу Святога, Які паклíкаў вас, і са́мі будзьце святы́мі ва ўсіх учы́нках,
 

бо напíсана: «бу́дзьце святы́мі, таму што Я святы́».
 

І калі вы Айцом называ́еце Таго, Які непрадузя́та су́дзіць кожнага па спра́вах, то са стра́хам право́дзьце час пражыва́ння вашага на чужы́не,
 

ве́даючы, што не тле́нным серабро́м ці зо́латам вы былí вы́куплены з ма́рнага жыцця́ вашага, перада́дзенага ад айцоў,
 

а кашто́ўнай Крывёю Хрыста́, як а́гнца беззага́ннага і чы́стага,
 

прадвы́значанага яшчэ да стварэ́ння свету, але я́ўленага ў апошні час дзе́ля вас,
 

тых, што ўве́равалі праз Яго ў Бога, Які ўваскрасíў Яго з мёртвых і даў Яму славу, каб вы ме́лі веру вашу і надзе́ю на Бога.
 

Ачы́сціўшы ду́шы вашы паслушэ́нствам íсціне праз Духа для браталю́бства некрываду́шнага, ад чы́стага сэ́рца адзін аднаго любíце заўсёды,
 

бу́дучы адро́джанымі не з тле́ннага се́мені, а з нятле́ннага, праз слова Божае жыво́е, якое застае́цца наве́кі.
 

Бо ўсякая плоць — як трава, і ўсякая слава чалавечая — як кве́цень на траве: засоо́хла трава — і кве́цень яе апа́ла;
 

але слова Гасподняе застае́цца наве́кі. Гэта і ёсць тое слова, якое прапаве́дана вам.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.