Да Галатаў 1 глава

Да Галатаў Пасланне святога Апостала Паўла
Пераклад праваслаўнай царквы → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Павел, Апостал не ад людзей і не праз чалавека, а праз Іісуса Хрыста і Бога Айца, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,
 

і ўсе браты, што са мною, — цэрквам Галатыйскім:
 

благадаць вам і мір ад Бога Айца і Госпада нашага Іісуса Хрыста,
 

Які аддаў Самога Сябе за грахі нашы, каб вызваліць нас з цяперашняга веку злога, па волі Бога і Айца нашага;
 

Яму слава на векі вякоў. Амінь.
 

Здзіўляюся, што вы ад Таго, Хто паклікаў вас благадаццю Хрыстовай, так хутка пераходзіце да іншага дабравесця,
 

якое і не з’яўляецца іншым, але ёсць некаторыя, што сеюць смуту сярод вас і хочуць сказіць дабравесце Хрыстова.
 

Калі б нават мы альбо Ангел з неба стаў дабраве́сціць вам не тое, што мы дабраве́сцілі вам, — няхай будзе анафема.
 

Як раней мы сказалі, так і цяпер зноў кажу: калі хто дабраве́сціць вам не тое, што вы прынялí, — няхай будзе анафема.
 

Ці ў людзей я цяпер шукаю прыхільнасці, ці ў Бога́ хіба лю́дзям намагаюся дагаджаць? Калі б я ўсё яшчэ лю́дзям дагаджаў, то не быў бы рабом Хрыстовым.
 

Абвяшчаю вам, браты, што Евангелле, якое я дабраве́сціў, не ёсць нешта чалавечае;
 

бо і я не ад чалавека прыняў яго і быў наву́чаны, а праз адкравенне Іісуса Хрыста.
 

Вы ж чулі пра маё ранейшае жыццё ў Іудзействе, пра тое, што я жорстка пераследаваў Царкву Божую і вынішчаў яе,
 

і пераўзыходзіў у Іудзействе многіх равеснікаў з роду майго, будучы заўзя́тым паборнікам бацькоўскіх паданняў маіх.
 

Калі ж Бог, Які вы́браў мяне ад улоння маці маёй і паклікаў благадаццю Сваёю, пажада́ў
 

адкрыць Сына Свайго ўва мне, каб я дабраве́сціў Яго сярод язычнікаў, то я адразу не стаў раіцца з плоццю і крывёю
 

і не пайшоў у Іерусалім да тых, якія раней за мяне сталі Апосталамі, а пайшоў у Аравію і зноў вярнуўся ў Дамаск.
 

Потым, праз тры гады, хадзіў я ў Іерусалім пазнаёміцца з Пятром і прабыў у яго пятнаццаць дзён.
 

Іншага ж з Апосталаў я не бачыў нікога, акрамя Іакава, брата Гасподняга.
 

А тое, што пішу вам, — вось, перад Богам, — не лгу.
 

Потым пайшоў я ў землі Сірыі і Кілікіі.
 

Цэрквам Хрыстовым у Іудзеі я асабіста не быў вядомы,
 

а толькі чулі яны, што той, хто некалі пераследаваў іх, цяпер дабраве́сціць веру, якую тады вынішчаў, —
 

і праслаўлялі за мяне Бога.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.