Да Ціта 1 глава

Да Ціта Пасланне святога Апостала Паўла
Пераклад праваслаўнай царквы → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Павел, раб Божы і Апостал Іісуса Хрыста дзе́ля веры абра́ных Божых і спазнання ісціны, якая прыводзіць да набожнасці,
 

у надзеі на жыццё вечнае, якое паабяца́ў праўдзівы ў слове Бог раней часоў адвечных,
 

а ў належны час явіў слова Сваё ў пропаведзі, даверанай мне па загаду Спасіцеля нашага, Бога, —
 

Ціту, сапраўднаму сыну па супольнай веры: благадаць, міласць і мір ад Бога Айца і Госпада Іісуса Хрыста, Спасіцеля нашага.
 

Дзеля таго я пакінуў цябе на Крыце, каб ты недакончанае завяршыў і паставіў па ўсіх гарадах прасвітараў, як я табе наказваў:
 

калі хто беззаганны, адной жонкі муж, дзяцей ма́е веруючых, якіх нельга абвінаваціць у распусце або непакорлівасці.
 

Бо епіскап павінен быць беззаганны як Божы домаўпраўнік, не сваявольны, не гняўлівы, не п’яніца, не задзірысты, не карыслівы,
 

а гасцінны, дабралюбівы, разва́жлівы, справядлівы, набожны, стры́маны,
 

павінен трымацца правільнага слова, адпаведнага вучэнню, каб ён быў здольны і настаўляць у здаровым вучэнні, і выкрываць тых, хто працівіцца.
 

Бо ёсць шмат і непакорлівых, пустасловаў і падманшчыкаў, асабліва з абрэзаных,
 

якіх трэба прымусіць замаўчаць: яны разбура́юць цэлыя сем’і, навучаючы дзеля гане́бнай кары́слівасці таму, чаму не належыць вучы́ць.
 

Сказаў жа нехта з іх, іх уласны вяшчун: «Крыця́не заўсёды лгуны, злыя звяры, пражэ́рлівыя гультаі».
 

Сведчанне гэтае праўдзівае. З гэтай прычыны выкрывай іх строга, каб яны былі здаровымі ў веры,
 

каб не зважа́лі на Іудзейскія байкі і ўстанаўленні людзей, якія адварочваюцца ад ісціны.
 

Для чыстых усё чыстае, для апаганеных жа і няверных няма нічога чыстага, бо апаганены і розум іх, і сумленне.
 

Яны сцвярджаюць, што знаюць Бога; а справамі сваімі адракаюцца, бу́дучы агíднымі і непакорлівымі і ні на якую добрую справу нязда́тнымі.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.