Марка 1 глава

Святое Евангелле паводле Марка
Пераклад праваслаўнай царквы → Комментарии Скоуфилда

Пераклад праваслаўнай царквы

1 Пачатак Ева́нгелля Іісуса Хрыста, Сына Божага,
2 як напíсана ў прарокаў: «вось, Я пасылаю Ангела Майго перад аблíччам Тваім, які падрыхту́е шлях Твой перад Табою».
3 «Голас таго, хто кліча ў пусты́ні: падрыхту́йце шлях Госпаду, про́стымі зрабіце сце́жкі Яму».
4 З’явіўся Іаан, хры́сцячы ў пусты́ні і прапаведуючы хрышчэнне пакая́ння дзе́ля адпушчэ́ння грахоў.
5 І выхо́дзілі да яго ўся краіна Іудзейская ды Іерусалíмляне, і хрысцíліся ад яго ўсе ў рацэ́ Іардане, спавяда́ючыся ў грахах сваіх.
6 Іаан жа насіў вопратку з вярблю́джага воласу і скураны́ пояс на паяснíцы сваёй і еў акры́ды* і дзікі мёд.
7 І прапаве́даваў, ка́жучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я нява́рты, нахілíўшыся, развязаць раме́нь абутку Яго;
8 я хрысцíў вас вадою, а Ён будзе хрысцíць вас Духам Святым.
9 І было́ ў тыя дні, прыйшоў Іісус з Назарэта Галіле́йскага і хрысцíўся ад Іаана ў Іардане.
10 І калі выхо́дзіў з вады, убачыў адразу Іаан, што раскрываюцца нябёсы і Дух як голуб сыходзіць на Яго.
11 І голас быў з нябёсаў: Ты Сын Мой узлю́блены, Якога Я ўпадаба́ў.
12 І адразу Дух вядзе Яго ў пусты́ню.
13 І быў Ён там у пусты́ні сорак дзён, спакуша́ны сатаною, і быў са звярамі. І Ангелы служы́лі Яму.
14 Пасля ж таго, як узя́ты быў Іаан, прыйшоў Іісус у Галіле́ю, прапаве́дуючы Ева́нгелле Царства Божага
15 і ка́жучы, што споўніўся час і наблізілася Царства Божае: пака́йцеся і веруйце ў Ева́нгелле.
16 А ідучы́ каля мора Галіле́йскага, убачыў Сíмана і Андрэя, брата Сíманавага, якія закідвалі мярэ́жы ў мора, бо яны былí рыбаловы.
17 І сказаў ім Іісус: ідзіце за Мною, і Я зраблю, што вы будзеце лаўца́мі людзе́й.
18 І яны адразу, пакінуўшы мярэ́жы свае, пайшлі ўслед за Ім.
19 І, прайшоўшы крыху́ адтуль, Ён убачыў Іакава Зевядзе́евага і Іаана, брата яго, як яны, таксама ў лодцы, ла́дзілі мярэ́жы;
20 і адразу паклíкаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзе́я ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім.
21 І прыходзяць у Капернау́м; і неўзаба́ве ў суботу ўвайшоў Ён у сінагогу і вучыў.
22 І здзіўля́ліся вучэнню Яго; бо Ён вучыў іх, як той, хто ма́е ўла́ду, а не як кніжнікі.
23 І быў у сінагозе іхняй чалавек у духу нячыстым, і закрычаў ён,
24 ка́жучы: пакінь, што́ Табе да нас, Іісусе Назаранíне? Ты прыйшоў загубíць нас; ведаю Цябе, хто Ты, Святы́ Божы.
25 Але Іісус забаранíў яму, ка́жучы: змоўкні і выйдзі з яго.
26 І дух нячысты, скалану́ўшы яго і ўскры́кнуўшы моцным голасам, выйшаў з яго.
27 І жахну́ліся ўсе, так што пыталіся адзін у аднаго, гаворачы: што гэта́ за новае вучэнне, што Ён з ула́даю і духам нячыстым зага́двае, і яны слухаюцца Яго?
28 І разне́слася чутка пра Яго адразу па ўсіх ваколіцах Галіле́і.
29 І адразу, вы́йшаўшы з сінагогі, яны прыйшлі ў дом Сíмана і Андрэя з Іакавам і Іаанам.
30 А це́шча Сíманава ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.
31 І, падышоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку́; і гарачка адразу пакінула яе, і яна прыслу́жвала ім.
32 А як вечарэ́ла і сонца зайшло, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанава́ных дэманамі.
33 І ўвесь горад сабраўся да дзвярэй.
34 І Ён ацаліў многіх, якія пакутавалі ад розных хвароб, і дэманаў многіх вы́гнаў, і не дазваляў дэманам гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
35 А раніцай, калі было яшчэ вельмі цёмна, Ён, устаўшы, выйшаў; і пайшоў у пустэ́льнае месца, і там маліўся.
36 І паспяша́ліся ўслед Яму Сíман і тыя, што былí з ім.
37 І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе.
38 І кажа Ён ім: хадзе́м у бліжэйшыя вёскі і гарады, каб Мне і там прапаве́даваць; бо на тое Я і выйшаў.
39 І Ён прапаве́даваў у сінагогах іхніх па ўсёй Галіле́і і дэманаў выганя́ў.
40 І прыхо́дзіць да Яго пракажоны, просячы Яго і на калені па́даючы перад Ім, кажа Яму: калі Ты хочаш, можаш ачы́сціць мяне.
41 Іісус жа, злíтаваўшыся над ім, працягнуў руку́, дакрану́ўся да яго і кажа яму: хачу, ачы́сціся.
42 І калі сказаў Ён, адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты.
43 І, звярну́ўшыся да яго сурова, Ён адразу адаслаў яго,
44 і кажа яму: глядзі, нікому нічога не гавары; а ідзі, пакажы́ся святару і прынясі за ачышчэнне тваё, што загадаў Маісей, дзе́ля све́дчання ім.
45 А ён, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшча́ць і распавяда́ць, так што Іісус ужо не мог адкрыта ўвайсці ў горад, а быў звонку, у пустэ́льных мясцінах. І прыхо́дзілі да Яго адусюль.

Комментарии Скоуфилда

К этой главе нет комментариев.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.