Данііла 1 глава

Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Перевод Еп. Кассиана

 
 

На трэцім годзе цараваньня Ёакіма, цара Юдэйскага, прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, да Ерусаліма і атачыў яго аблогаю.
 

І аддаў Гасподзь у рукі ягоныя Ёакіма, цара Юдэйскага, і частку посудаў Божага дома, і ён адправіў іх у зямлю Сэнаар, у дом свайго бога, і ўнёс гэты посуд у скарбніцу бога свайго.
 

І сказаў цар Асфэназу, начальніку сваіх еўнухаў, каб ён з сыноў Ізраілевых, з роду царскага і княскага, прывёў
 

хлопчыкаў, у якіх няма ніякай цялеснай хібы, прыгожых сабою і цямных да ўсякай мудрасьці, і здатных да навук і кемлівых і здольных служыць у царскіх харомах, і каб навучыў іх кнігам і мове Халдэйскай.
 

І прызначыў ім цар штодзённую ежу з царскага стала і віно, якое сам піў, і загадаў выхоўваць іх тры гады, па сканчэньні якіх яны меліся стаць перад царом.
 

Сярод іх былі і зь Юдавых сыноў Данііл, Ананія, Місаіл і Азарыя.
 

І пераназваў іх начальнік еўнухаў — Данііла Валтасарам, Ананію Сэдрахам, Місаіла Місахам і Азарыю Аўдэнагам.
 

Данііл паклаў сабе на сэрца не апаганьвацца прысмакамі з царскага стала і віном, якое п’е цар, і таму прасіў у начальніка еўнухаў, каб не апаганьвацца яму.
 

Бог даў Даніілу ласку і добрую прыхільнасьць начальніка еўнухаў;
 

і начальнік еўнухаў сказаў Даніілу: «баюся я гаспадара майго, цара, які сам вызначыў вам ежу і пітво: калі ён убачыць вашыя твары худзейшымі, чым у хлопчыкаў, вашых равесьнікаў, дык вы зробіце галаву маю вінаватаю перад царом».
 

Тады сказаў Данііл Амэлсару, якога начальнік еўнухаў прыставіў да Данііла, Ананіі, Місаіла і Азарыя:
 

«зрабі выпрабаваньне рабам тваім: дзесяць дзён няхай даюць нам на ежу гародніну, а піць — ваду;
 

і потым няхай явяцца перад табою нашыя твары і твары тых хлопчыкаў, якія кормяцца царскаю ежаю, і потым рабі з тваімі рабамі, як убачыш».
 

Той паслухаўся іх у гэтым і выпрабоўваў іх дзесяць дзён.
 

А як прайшло дзесяць дзён, твары іх былі прыгажэйшыя, і зь цела яны былі здаравейшыя за ўсіх тых хлопчыкаў, якія карміліся царскімі прысмакамі.
 

Тады Амэлсар забіраў іхнюю ежу і віно на пітво, а даваў ім гародніну.
 

І даў Бог чатыром гэтым падлеткам веданьне і разуменьне ўсякай кнігі і мудрасьці, а Даніілу яшчэ даў разумець і ўсякія ўявы і сны.
 

Як мінуліся тыя дні, калі цар загадаў прывесьці іх, начальнік еўнухаў прывёў іх да Навухаданосара.
 

І цар гаварыў зь імі, і з усіх хлопчыкаў не знайшлося падобных на Данііла, Ананію, Місаіла і Азарыю, і пачалі яны служыць перад царом.
 

І ў кожнай справе мудрага ўразуменьня, пра што ні пытаўся ў іх цар, ён знаходзіў іх у дзесяць разоў вышэй за ўсіх чарадзеяў і заклінальнікаў, якія былі ва ўсім яго царстве.
 

І быў там Данііл да першага года цара Кіра.
 

Примечания:

 
Пераклад Васіля Сёмухі
2 У друкаванай версіі «посуду» і «адправіў іх» але трэба ці «посудаў», ці «адправіў яго».
20 У друкаванай версіі «знаходзіў у іх», аднак правільна — «знаходзіў іх у».
 
 


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.