Ёіля 1 глава

Кніга прарока Ёіля
Пераклад Васіля Сёмухі → Перевод Еп. Кассиана

 
 

Слова Гасподняе, якое было Ёілю, сыну Ватуілаваму.
 

Слухайце гэта, старцы, і ўважайце, усе жыхары зямлі гэтай: ці бывала такое ў дні вашыя альбо ў дні бацькоў вашых?
 

Перадайце пра гэта дзецям вашым; а дзеці вашыя хай скажуць сваім дзецям, а іхнія дзеці — наступнаму роду;
 

пазасталае ад вусеня ела саранча, пазасталае ад саранчы елі чэрві, а пазасталае ад чарвей даелі жукі.
 

Прачнецеся, п’яніцы, і плачце і галасеце, усе, хто п’е віно, на вінаградным соку, бо ён адабраны ад вуснаў вашых!
 

Бо прыйшоў на зямлю маю народ моцны і безьлічны; зубы ў яго — зубы ільвіныя, і сківіцы ў яго як у львіцы.
 

Спустошыў ён вінаградную лазу маю, а смакоўніцу маю абламаў, абадраў яе нагола і кінуў; пабялелі галіны ў яе,
 

Галасі, як маладая жонка, аперазаўшыся вярэтаю, па мужы маладосьці сваёй!
 

Спынілася хлебнае прынашэньне і паліваньне ў доме Гасподнім; плачуць сьвятары, служкі Гасподнія.
 

Спустошана поле, наракае зямля; бо зьнішчаны хлеб, высах вінаградны сок, зьвяла масьліна.
 

Чырванейце ад сораму, земляробы, галасеце, вінаградары, па пшаніцы і ячмені, бо загінула жніво ў полі,
 

засохла вінаградная лаза і смакоўніца зьвяла; гранатавае дрэва, пальма і яблыня — усе дрэвы ў полі пасохлі; таму і весялосьць у сыноў чалавечых зьнікла.
 

Аперажэцеся вярэтаю і плачце, сьвятары! галасеце, служкі алтара! увайдзеце, начуйце ў вярэтах, службіты Бога майго! бо ня стала ў доме Бога вашага хлебнага прынашэньня і паліваньня.
 

Назначце пост, абвясьцеце ўрачысты сход, склічце старцаў і ўсіх жыхароў краіны гэтай у дом Госпада Бога вашага і заклікайце да Госпада.
 

О, які дзень! бо дзень Гасподні блізкі: як спусташэньне ад Усемагутнага прыйдзе ён.
 

Ці ня перад нашымі вачыма адбіраецца ежа, ад дома Бога нашага — весялосьць і радасьць?
 

Стлелі зярнятамі пад камлыгамі сваімі, апусьцелі засекі, разбураны кладоўкі, бо ня стала хлеба.
 

Як стогне быдла, паныла ходзяць статкі валоў, бо няма ім пашы! томяцца і статкі авечак.
 

Да Цябе, Госпадзе, заклікаю; бо агонь зжэр кормныя пашы пустыні, і полымя папаліла ўсе дрэвы ў полі.
 

Нават і жывёлы на полі заклікаюць да Цябе, бо высахлі патокі водаў, і агонь зьнішчыў пашы пустыні.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.