Амоса 1 глава

Кніга прарока Амоса
Пераклад Васіля Сёмухі → Перевод Еп. Кассиана

 
 

Словы Амоса, аднаго пастуха Тэкойскага, якія ён чуў ва ўяве пра Ізраіля ў дні Азіі, цара Юдэйскага і ў дні Ераваама, сына Ёасавага, цара Ізраільскага, за два гады перад землятрусам.
 

І сказаў ён: Гасподзь загрыміць зь Сіёна і дасьць голас Свой зь Ерусаліма, — і заплачуць халупы пастухоў, і высахне вяршыня Карміла.
 

Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Дамаска і за чатыры не пашкадую яго, бо яны малацілі Галаад жалезнымі цапамі.
 

І пашлю агонь на дом Азаіла, — і зжарэ ён харомы Вэнадада.
 

І скрышу замкі Дамаска і зьнішчу жыхароў даліны Авэн і таго, хто трымае жазло — з дому Эдэнавага, і пойдзе народ Арамейскі ў палон у Кір, кажа Гасподзь.
 

Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Газы і за чатыры не пашкадую яе, бо яны вывелі ўсіх у палон, каб аддаць іх Эдому.
 

І пашлю агонь у сьцены Газы, — і зжарэ харомы яе.
 

І зьнішчу жыхароў Азота і таго, які трымае жазло ў Аскалоне, і павярну руку Маю на Экрон, — і загіне рэшта Філістымлянаў, кажа Гасподзь Бог.
 

Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Тыра і за чатыры не пашкадую яго, бо яны аддалі ўсіх палонных Эдому і не згадалі пра братэрскае спрымірэньне.
 

Пашлю агонь у сьцены Тыра, — і зжарэ харомы яго.
 

Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Эдома і за чатыры не пашкадую яго, бо ён перасьледаваў брата свайго мечам, прыдушыў пачуцьці роднасьці, лютаваў пастаянна ў гневе сваім і заўсёды захоўваў лютасьць сваю.
 

І пашлю агонь на Тэман, — і зжарэ харомы Васора.
 

Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы сыноў Амонавых і за чатыры не пашкадую іх, бо яны расьціналі цяжарных у Галаадзе, каб пашырыць межы свае.
 

І запалю агонь у сьценах Равы, — і зжарэ харомы яе сярод крыку ў дзень бітвы, зь віхураю ў дзень буры.
 

І пойдзе цар іхні ў палон, ён і князі ягоныя разам зь ім, кажа Гасподзь.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.