Навума 1 глава

Кніга прарока Навума
Пераклад Васіля Сёмухі → Перевод Еп. Кассиана

 
 

Прароцтва пра Нінэвію; кніга ўяваў Навума Элкасэяніна.
 

Гасподзь ёсьць Бог руплівец і помсьнік; помсьнік Гасподзь і страшны ў гневе: помсьнік Гасподзь ворагам Сваім, і ня зьлітуецца з супраціўцаў Сваіх.
 

Гасподзь шматцярплівы і вялікі магутнасьцю і не пакідае без пакараньня; у віхуры і ў буры шэсьце Госпада, воблака — пыл ад ног Ягоных.
 

Загадае Ён мору — і яно высыхае, і ўсе рэкі перасыхаюць; вяне Васан і Карміл, і блякне квет на Ліване.
 

Горы трасуцца перад Ім, і пагоркі растаюць, і зямля хістаецца перад абліччам Ягоным, і сусьвет і ўсе, што жывуць на ёй.
 

Перад абурэньнем Яго хто ўстоіць? І хто сьцерпіць полымя гневу Яго? Гнеў Яго разьліваецца як агонь; скалы распадаюцца перад Ім.
 

Добры Гасподзь, — прыстанак у дзень скрухі — і ведае тых, што на Яго спадзяюцца,
 

але ўсепатопным павадкам разбурыць дашчэнту Нінэвію, і ворагаў Яго спасьцігне морак.
 

Што намышляеце вы супроць Госпада? Ён учыніць зьнішчэньне, і бедства ўжо не паўторыцца.
 

бо пераплеценыя паміж сабою, як цярноўнік і ўпітыя, як п’яніцы, яны пажэртыя будуць начыста, як сухая салома.
 

Зь цябе павёўся той, хто намысьліў ліхое супроць Госпада, хто склаў змову бязбожную.
 

Так кажа Гасподзь: хоць яны бясьпечныя і шматлікія, але яны будуць пасечаны і зьнікнуць; а цябе, хоць Я абцяжарваў, больш абцяжарваць ня буду.
 

І сёньня Я скрышу ярмо ягонае, якое ляжыць на табе, і путы твае парву.
 

А пра цябе, Асур, Гасподзь вызначыў: ня будзе болей насеньня з тваім імем; з дома бога твайго зьнішчу балваноў і куміраў, падрыхтую табе ў ім магілу, бо ты будзеш у пагардзе.
 

Вось, на горах — ступакі дабравесьніка, які абвяшчае мір: сьвяткуй, Юдэя, сьвяты твае, выконвай твае абяцаньні, бо ня будзе болей праходзіць па табе бязбожнік: ён зусім зьнішчаны.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.