Адкрыцьцё 1 глава

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Комментарии Жана Кальвина

Пераклад Васіля Сёмухі

1 Адкрыцьцё Ісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаць рабам Сваім, што мае быць неўзабаве. І Ён паказаў, паслаўшы яго праз Свайго анёла рабу Свайму Яну,
2 які сьведчыў пра слова Божае і сьведчаньне Ісуса Хрыста, і што сам бачыў.
3 Дабрашчасны, хто чытае і слухае словы прароцтва гэтага і выконвае напісанае ў ім; бо час блізкі.
4 Ян сямі цэрквам, якія ў Азіі: мілата вам і мір ад Таго, Які ёсьць, і быў, і прыйдзе, і ад сямі духаў, што перад тронам Ягоным,
5 і ад Ісуса Хрыста, Які ёсьць сьведка верны, Першынец зь мёртвых і Ўладар цароў зямных; Яму, Хто палюбіў нас і адмыў нас ад грахоў нашых Крывёю Сваёю,
6 і зрабіў нас царамі і сьвятарамі Богу і Айцу Свайму, слава і ўлада на векі вечныя, амін.
7 «Вось, ідзе з хмарамі; і ўгледзіць яго кожнае вока, і тыя, што «пракалолі Яго»; і заплачуць перад Ім усе плямёны зямныя». Так, амін.
8 Я ёсьць Альфа і Амэга, пачатак і канец, кажа Гасподзь, Які ёсьць, і быў, і прыйдзе, Усеўладны.
9 Я Ян, брат ваш і супольнік у скрусе і ў валадарстве і ў цярпеньнях Ісуса Хрыста, быў на востраве, які называецца Патмос, за слова Божае і за сьведчаньне Ісуса Хрыста.
10 Я быў у духу ў дзень нядзельны і чуў за сабою гучны голас, быццам трубны, які казаў: «Я ёсьць Альфа і Амэга, першы і апошні»;
11 тое, што бачыш, напішы ў кнігу і пашлі цэрквам, якія ў Азіі: у Эфэс і ў Сьмірну, і ў Пергам і ў Фіятыру, і ў Сардыс, і ў Філядэльфію і ў Лаадыкію.
12 Я абярнуўся, каб убачыць, чый голас прамаўляў да мяне; і абярнуўшыся, убачыў сем залатых сьветачаў
13 і, пасярод сямі сьветачаў, падобнага на Сына Чалавечага, ахінутага ў падыр і на грудзях аперазанага залатым пасам:
14 галава ў Яго і валасы белыя, як белая воўна, як сьнег; і вочы ў Яго — як полымя вогненнае;
15 і ногі ў Яго падобныя да халкалівану, як распаленыя ў печы; і голас у Яго — як шум водаў вялікіх.
16 Ён трымаў у правіцы Сваёй сем зорак, і з вуснаў ягоных выходзіў востры з двух бакоў меч; і аблічча ў Яго — нібы сонца, што зьзяе ў сіле сваёй.
17 І калі я ўбачыў Яго, дык ўпаў да ног Ягоных, нібы мёртвы. І Ён усклаў на мяне правіцу Сваю і сказаў мне: ня бойся; Я ёсьць першы і апошні
18 і жывы; і быў мёртвы, і вось, жывы на векі вечныя, амін; і маю ключы пекла і сьмерці.
19 Дык вось, напішы, што ты бачыў, і што ёсьць, і што будзе пасьля гэтага.
20 Таямніца сямі зорак, якія ты бачыў у правіцы Маёй, і сямі залатых сьветачаў: сем зорак — анёлы сямі цэркваў; а сем сьветачаў, якія ты бачыў, — сем цэркваў.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.