Да Габрэяў 1 глава

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → В переводе Лутковского

 
 

Бог, Які шмат разоў і ўсякімі спосабамі гаварыў зьвеку да бацькоў нашых праз прарокаў,
 

у апошнія дні гэтыя гаварыў нам праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, празь Якога і вякі стварыў.
 

Гэты, будучы водбліскам славы Ягонай і вобразам істоты Ягонай і трымаючы ўсё словам сілы Сваёй, зьдзейсьніўшы Сабою ачышчэньне грахоў нашых, сеў праваруч велічы на вышыні,
 

будучы настолькі дасканалейшым за анёлаў, наколькі слаўнейшае перад імі ўспадкаваў Імя.
 

Бо калі і каму з анёлаў сказаў Бог: «Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе»? І яшчэ: «Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам»?
 

Таксама, калі ўводзіць Першароднага ў сусьвет, кажа: «Няхай паклоняцца Яму ўсе анёлы Божыя».
 

Пра анёлаў сказана: «Ты творыш анёламі Сваімі духаў і слугамі Сваімі палымяны вагонь».
 

А пра Сына: «трон Твой, Божа, у век веку; жазло валадараньня Твайго — жазло праўды.
 

Ты палюбіў праўду і зьненавідзеў беззаконьне; таму памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш за саўдзельнікаў Тваіх»;
 

І: «у пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы — дзеля рук Тваіх;
 

яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе састарацца, нібы рыза,
 

і як вопратку згорнеш іх, і зьменяцца; але Ты той самы і гады Твае ня скончацца».
 

Каму калі з анёлаў сказаў Бог: «сядзі праваруч Мяне пакуль пакладу Тваіх ворагаў падножжам нагам Тваім»?
 

Ці ж ня ўсе яны службовыя духі, пасыланыя на служэньне тым, якія маюць успадкаваць збавеньне?
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.