Выхад 1 глава

Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Русского Библейского Центра

 
 

Вось імёны сыноў Ізраілевых, якія ўвайшлі ў Егіпет зь Якавам, увайшлі кожны з домам сваім:
 

Рувім, Сымон, Лявій і Юда,
 

Ісахар, Завулон і Веньямін,
 

Дан і Нэфталім, Гад і Асір.
 

А ўсіх душаў, што выйшлі са сьцёгнаў Якава, было семдзесят (пяць), а Язэп быў ужо ў Егіпце.
 

І памёр Язэп і ўсе браты ягоныя і ўвесь род іхні;
 

а сыны Ізраілевыя плодзіліся вельмі, і размножыліся, і зрабіліся яны дужа моцныя, і напоўнілася тая зямля імі.
 

І паўстаў у Егіпце новы цар, які ня ведаў Язэпа,
 

і сказаў народу свайму: вось, народ сыноў Ізраілевых шматлікі і дужэйшы за нас;
 

перахітрым жа яго, каб ён ня множыўся; інакш, калі здарыцца вайна, злучыцца ён з нашымі няпрыяцелямі, і ўзброіцца супроць нас, і выйдзе зь зямлі.
 

І паставіў над ім упраўцаў працы. І ён пабудаваў фараону Пітом і Раамсэс, гарады пад склады.
 

Але чым болей тамілі яго, тым болей ён множыўся і тым болей пашыраўся, так што пабойваліся сыноў Ізраілевых.
 

І таму Егіпцяне жорстка прымушалі сыноў Ізраілевых да працы,
 

і рабілі жыцьцё іхняе горкім ад цяжкай працы над глінаю і цэглаю і ад усякай працы польнай, ад усякай працы, да якое прымушалі іх жорстка.
 

Цар Егіпецкі загадаў бабкам-павітухам Габрэек, імя адной зь якіх Шыфра, а другое Фуа,
 

і сказаў: калі вы будзеце спавіваць у Габрэек, дык назірайце пры родах: калі будзе сын, дык аддавайце яго сьмерці, а калі дачка, дык няхай жыве.
 

Але бабкі-павітухі баяліся Бога і не рабілі так, як казаў ім цар Егіпецкі, і пакідалі дзяцей жывых.
 

Цар Егіпецкі паклікаў бабак-павітухаў і сказаў ім: навошта вы робіце такую справу, што пакідаеце дзяцей жывых?
 

Бабкі-павітухі сказалі фараону: Габрэйскія жанчыны не такія, як Егіпецкія: яны здаровыя, бо перш чым прыйдзе да іх бабка-павітуха, яны ўжо родзяць.
 

За гэта Бог рабіў дабро бабкам-павітухам, а народ множыўся і вельмі памацняўся.
 

І як што бабкі-павітухі баяліся Бога, дык ён уладжваў дамы іхнія.
 

Тады фараон усяму народу свайму загадаў, кажучы: кожнага народжанага сына кідайце ў раку, а кожную дачку пакідайце жывою.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.