Агея 1 глава

Кніга прарока Агея
Пераклад Васіля Сёмухі → Аверинцев: отдельные книги

 
 

На другім годзе цара Дарыя, на шостым месяцы, у першы дзень месяца было слова Гасподняе праз Агея прарока Зарававэлю, сыну Салафіілеваму, упраўцу Юдэі, і Ісусу, сыну Ясэдэкаваму, вялікаму іярэю.
 

Так сказаў Гасподзь Саваоф: народ гэты кажа: «ня прыйшоў яшчэ час — будаваць дом Гасподні».
 

І было слова Гасподняе праз Агея прарока:
 

а вам самім час — жыць у дамах вашых упрыгожаных, тым часам як дом гэты ў запусьценьні?
 

Таму сёньня так кажа Гасподзь Саваоф: павярнеце сэрца ваша на дарогі вашыя.
 

Вы сееце многа, а зьбіраеце мала: ясьце, але ўнядосыць; п’яце, але не напіваецеся; апранаецеся, але не саграваецеся; заробнік платы зарабляе ў дзіравы кашалёк.
 

Так кажа Гасподзь Саваоф: павярнеце сэрца ваша на дарогі вашыя.
 

Узыдзеце на гару і насеце дрэвы і будуйце храм: і Я буду дабраволіць яму і праслаўлюся, кажа Гасподзь.
 

Чакаеце шмат, а выходзіць мала, і што прынесяце дамоў, тое Я разьвею. За што кажа Гасподзь Саваоф: за Мой дом, які ў запусьценьні, тым часам як вы бяжыце — кожны да свайго дома.
 

Якраз таму неба і зачынілася і не дае вам расы, і зямля не дае сваіх утвораў.
 

І я наклікаў суш на зямлю, на горы, на хлеб, на вінаградны сок, на алей і на ўсё, што родзіць зямля, і на чалавека і на быдла і на ўсякую ручную працу.
 

І паслухаліся Зарававэль, сын Салафіілеў, і Ісус, сын Ясэдэкаў, і ўвесь астатні люд голасу Госпада Бога свайго і слоў Агея прарока, як пасланага Госпадам Богам іхнім, і люд убаяўся Госпада.
 

Тады Агей, весьнік Гасподні, пасланы ад Госпада, сказаў люду: «Я з вамі! кажа Гасподзь».
 

І абудзіў Гасподзь дух Зарававэля, сына Салавіілевага, упраўцы Юдэі, і дух Ісуса, сына Ясэдэкавага, вялікага іярэя, і дух усёй рэшты людзей — і яны прыйшлі і пачалі рабіць працу ў доме Госпада Саваофа, Бога свайго,
 

на дваццаць чацьвёрты дзень шостага месяца, на другім годзе цара Дарыя.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.