Якава 1 глава

Пасланьне Якава
Пераклад Васіля Сёмухі → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Якаў, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, дванаццаці родам, якія ў расьсеяньні, — радавацца!
 

Зь вялікай радасьцю прымайце, браты мае, калі ўпадаеце ў розныя выпрабаваньні,
 

ведаючы, што выпрабаваньне вашай веры робіцца цярплівасьцю,
 

а цярплівасьць павінна мець дасканалае дзеяньне, каб вы былі дасканалыя ва ўсёй паўнаце, бязь ніякай пахібы.
 

Калі ж каму-небудзь з вас не хапае мудрасьці, хай просіць у Бога, Які дае ўсім проста і без дакораў, — і дасца яму.
 

Але няхай просіць зь вераю, і зусім не сумняваецца, бо хто сумняваецца, падобны да марское хвалі, якую гоніць і распырсквае вецер;
 

Хай не спадзяецца такі чалавек атрымаць што-небудзь ад Госпада.
 

Чалавек двудушны — ня цьвёрды на ўсіх шляхах сваіх.
 

Хай славіцца пакорлівы брат у высокасьці сваёй,
 

а багаты ў пакоры сваёй, бо ён мінецца, бы краска ў траве:
 

узыходзіць сонца, настае сьпёка, і высушвае траву, краска яе ападае, прападае хараство яе; так вяне і багаты ў шляхах сваіх.
 

Дабрашчасны чалавек, які вытрывае выпрабаваньне, бо пасьля выпрабаваньня ён атрымае вянок жыцьця, які паабяцаў Гасподзь тым, хто любіць Яго.
 

У выпрабаваньні ніхто хай ня кажа: «Бог мяне спакушае»; Бог бо не спакушаецца злом і сам не спакушае нікога,
 

а кожны спакушаецца, калі ваблены і наджаны сваім пажаданьнем;
 

а пажаданьне, зачаўшы, родзіць грэх, а ўчынены грэх родзіць сьмерць.
 

Не ашуквайце сябе, браты мае любасныя:
 

Усякае даньне добрае і ўсякі дар дасканалы зыходзіць згары, ад Айца сьвятла, у Якога няма перамены, ані ценю пераменнасьці.
 

Захацеўшы, спарадзіў Ён нас словам ісьціны, каб сталіся мы нейкім пачаткам Ягоных твораў.
 

Дык вось, браты мае любасныя, кожны чалавек няхай будзе борзды ў слуханьні, марудлівы ў словах, марудлівы ў гневе;
 

бо гнеў чалавечы ня творыць праўды Божай.
 

Таму, адклаўшы ўсялякую нячыстасьць і лішнюю злосьць, у пакоры прымеце пасеянае ў вас слова, якое можа ўратаваць вашы душы.
 

Будзьце ж выканаўцы слова, а не слухачы толькі, што ашукваюць самі сябе.
 

Бо хто слухае слова і ня выконвае, той падобны да чалавека, які разглядвае прыродныя рысы аблічча свайго ў люстры:
 

ён паглядзеў на сябе, адышоўся — і адразу забыўся, які ён ёсьць.
 

А хто пранікне ў закон дасканалы, закон свабоды, і застанецца ў ім, той, ня будучы слухачом забыўлівым, а выканаўцам дзеі, дабрашчасны будзе ў сваім дзеяньні.
 

Калі ж хто з вас думае, што ён пабожны, і не таймуе свайго языка, а ашуквае сваё сэрца, у таго пустая пабожнасьць.
 

Чыстая і беспахібная пабожнасьць перад Богам і Айцом ёсьць тое, каб дагледзець сірот і ўдоваў у іхніх скрухах і захоўваць сябе неапаганенага сьветам.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.