2 Пятра 1 глава

Другое пасланьне Пятра
Пераклад Васіля Сёмухі → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Сымон Пётр, раб і апостал Ісуса Хрыста, тым, якія прынялі з намі аднолькава дарагую веру ў праўдзе Бога нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста:
 

мілата і мір вам хай памножыцца ў пазнаньні Бога і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
 

Як ад Божае сілы Ягонай даравана нам усё патрэбнае для жыцьця і пабожнасьці, праз спазнаньне Таго, Хто паклікаў нас славаю і цнотаю,
 

якімі нам дараваны вялікія і каштоўныя абяцаньні, каб вы празь іх сталіся супольнікамі Божае Прыроды, адышоўшы ад псоты пажадлівасьцю, якая пануе ў сьвеце,
 

дык вы, прыкладаючы да гэтага ўсю дбайнасьць, пакажэце ў веры вашай цноту, у цноце разважлівасьць,
 

у разважлівасьці ўстрымлівасьць, ва ўстрымлівасьці цярплівасьць, у цярплівасьці пабожнасьць,
 

у пабожнасьці браталюбнасьць, у браталюбнасьці любасьць.
 

Калі гэта ў вас ёсьць і памнажаецца, дык вы не застаняцеся бяз удачы і плёну ў спазнаньні Госпада нашага Ісуса Хрыста;
 

а ў кім няма гэтага, той сьляпы, заплюшчыў вочы, забыўся пра ачышчэньне ад ранейшых грахоў сваіх.
 

А таму, браты, болей і болей дбайце пра тое, каб рабіць цьвёрдым вашае пакліканьне і выбраньне: так робячы, ніколі не спатыкнецеся,
 

бо так адчыніцца вам свабодны ўваход у вечнае Царства Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста.
 

Таму я ніколі не перастану нагадваць вам пра гэта, хоць вы тое і ведаеце і ўмацаваныя ў існай праўдзе.
 

А справядлівым лічу, пакуль я ў гэтай цялеснай храміне, падбадзёрваць вас напамінам,
 

ведаючы, што неўзабаве павінен буду пакінуць храміну маю, як і Гасподзь наш Ісус Хрыстос адкрыў мне.
 

Буду, аднак, старацца, каб вы і пасьля майго адыходу заўсёды згадвалі гэта ў памяці.
 

Бо мы абвясьцілі вам сілу і прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, не за хітра сплеценымі байкамі йдучы, а быўшы навочнымі сьведкамі Ягонай велічы.
 

Бо Ён прыняў ад Бога Айца гонар і славу, калі ад гожай славы даляцеў да Яго такі голас: «Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў».
 

І гэты голас, які зь нябёсаў зышоў, мы чулі, калі былі зь Ім на сьвятой гары.
 

І пры тым мы маем самае пэўнае прарочае слова; і вы добра робіце, што зьвяртаецеся да яго, як да сьветача, які зьзяе ў цёмным месцы, пакуль не пачынае брацца на дзень і ня ўзыдзе ранішняя зорка ў сэрцах вашых,
 

ведаючы перш за ўсё тое, што ніякага прароцтва ў Пісаньні нельга тлумачыць паводле свайго разуменьня.
 

Бо ніколі прароцтва ня бывала агалошана з волі людзкой, а прамаўлялі яго сьвятыя Божыя людзі, натхнёныя Духам Сьвятым.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.