Да Філімона 1 глава

Пасланьне да Філімона
Пераклад Васіля Сёмухі → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Павал, вязень Ісуса Хрыста, і Цімафей брат, Філімону любаснаму і супрацоўніку нашаму,
 

і Апфіі, (сястры) любаснай, і Архіпу, спадзьвіжніку нашаму, і дамовай тваёй царкве:
 

мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 

Дзякую Богу майму, заўсёды спамінаючы цябе ў малітвах маіх,
 

чуючы пра тваю любоў і веру, якую маеш да Госпада Ісуса і да ўсіх сьвятых,
 

каб дзеяньне веры тваёй было чыннае ў спазнаньні ўсякага ў вас дабра ў Хрысьце Ісусе.
 

Бо мы маем вялікую радасьць і ўцеху ў любові тваёй, бо табою, браце, супакоены сэрцы сьвятых.
 

Таму, маючы вялікую ў Хрысьце адвагу загадваць табе, што трэба,
 

зь любові лепей прашу, ня хто які там, а я, Павал — старац, а цяпер вязень Ісуса Хрыста;
 

прашу цябе за сына майго Анісіма, якога нарадзіў я ў кайданах маіх:
 

ён быў калісьці нягодны табе, а цяпер годны табе і мне: я вяртаю яго;
 

а ты прымі яго, як маё сэрца.
 

Я хацеў пры сабе яго ўтрымаць, каб ён замест цябе паслужыў мне ў кайданах за зьвеставаньне;
 

але без тваёй згоды нічога не хацеў зрабіць, каб добрая справа твая была ня мусовая, а з добрае волі.
 

Бо, можа быць, ён на тое часова адлучыўся, каб ты прыняў яго назаўсёды,
 

ужо ня як раба, а вышэйшага за раба, брата любаснага, асабліва мне, а тым болей табе, і па плоці і ў Госпадзе.
 

І вось, калі маеш за супольніка мяне, дык прымі яго, як мяне.
 

Калі ж ён чым пакрыўдзіў цябе, альбо вінаваты табе, лічы гэта на мне.
 

Я, Павал, напісаў маёю рукою: «я заплачу»; не кажу табе пра тое, што ты і самім сабою мне вінаваты.
 

Так, браце, дай мне скарыстацца табою ў Госпадзе; супакой маё сэрца ў Госпадзе.
 

Спадзяючыся на слухмянасьць тваю, а напісаў табе, ведаючы, што ты зробіш і болей, чым прашу.
 

А разам падрыхтуй мне і памяшканьне; бо, спадзяюся, што па малітвах вашых я буду дараваны вам.
 

Вітае цябе Эпафрас, вязень разам са мною дзеля Ісуса Хрыста,
 

Марк, Арыстарх, Дымас, Лукаш, супрацоўнікі мае.
 

Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым. Амін.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.