Руціна 1 глава

Кніга Руціна
Пераклад Яна Станкевіча → Толкования Августина

Пераклад Яна Станкевіча

1 І было таго часу, як радзілі судзьдзі, што была галадоў у зямлі; і пайшоў адзін чалавек із Бэтлеему Юдэйскага, жыць на палёх Моаўскіх, ён а жонка ягоная а два сыны ягоныя.
2 А імя члавека Елімелех, імя жонкі ягонае Наомі, а імя двух сыноў ягоных Маглон а Хілён; яны былі Ехрамляне зь Бэтлеему Юдэйскага. І прышлі яны на полі Моаўскія, і былі там.
3 І памер Елімелех, муж Наомін, і засталася яна і два сыны яе.
4 І яны ўзялі сабе жонкі з Моаўлянак; імя аднае Орпа, а імя другое Рут; і жылі яны там каля дзесяцёх год.
5 І памерлі таксама абодва Маглон а Хілён; і засталася тая жонка па абодвых сынох і па мужу сваім.
6 І ўстала яна зь нявесткамі сваімі, і пайшла назад із палёў Моаўскіх, бо пачула на палёх Моаўскіх, што СПАДАР даведаўся да люду свайго, каб даць ім хлеб.
7 І вышла яна з тога места, у каторым яна была, і абедзьве нявесткі яе зь ёю. І пайшлі яны дарогаю, каб зьвярнуцца да зямлі Юдэйскае.
8 І сказала Наомі дзьвюм нявесткам сваім: «Ідзіце, зьвярніцеся кажная да дому маці свае. Хай СПАДАР учыне з вамі ласку, як вы ўчынілі з памерлымі а з імною!
9 Хай дасьць вам СПАДАР, каб вы знайшлі супачынак, кажная ў доме мужа свайго!» І цалавала іх. Яны ж узьнялі голас свой і плакалі,
10 І сказалі ёй: «Не, мы з табою зьвернемся да люду твайго».
11 І сказала Наомі: «Зьвярніцеся, дачкі мае; нашто вам ісьці з імною? Ціж яшчэ ёсьць у мяне сынове ў маіх нутрох, каторыя былі б вам мужамі?
12 Зьвярніцеся, дачкі мае, пайдзіце; бо я ўжо старая, каб быць замужам; ды калі б я й сказала: "Ё імне яшчэ надзея", нават, калі б я была гэтуго ноч мужу і нават нарадзіла сыноў,
13 То ці можна вам ждаць, пакуль яны вырасьлі б? Ці можна вам адвалакаць і ня выходзіць замуж? Не, дачкі мае, бо горка імне вельма за вас, бо вышла супроці мяне рука СПАДАРОВА».
14 Яны ўзьнялі галасы свае і плакалі яшчэ. І Орпа цалавала сьвякрывю сваю, а Рут прыліпла да яе.
15 І сказала: «Вось, ятроўка твая зьвярнулася да люду свайго й да багоў сваіх; зьвярніся й ты за ятроўкаю сваёй!»
16 І сказала Рут: «Не малі мяне пакінуць цябе й зьвярнуцца, каб ня йсьці за табою; бо куды ты пойдзеш, я пайду, і йдзе ты начаваць будзеш, я буду начаваць; люд твой — мой люд, Бог твой — Бог мой;
17 І йдзе ты памрэш, і я памру, і там пахавана буду. Гэтак хай зробе СПАДАР імне, і гэтак хай дадасьць імне, бо адно сьмерць разлуча мяне з табою».
18 І бачачы, што яна станаўко наважыла йсьці зь ёю, перастала гукаць ёй.
19 І йшлі абедзьве яны, пакуль ня прышлі да Бэтлеему. І сталася, як прышлі яны да Бэтлеему, што прышло ў рух усе места ад іх, і казалі: «Ці гэта Наомі?»
20 І яна сказала ім: «Не завіце мяне Наомі, але завіце мяне Марою, бо ўчыніў Усемагучы гаркою вельма мяне.
21 Я поўная вышла, а пустою зьвярнуў СПАДАР мяне. Нашто вам зваць мяне Наомі, калі СПАДАР мучыў мяне, і ўсемагучы прычыніў імне ліха?»
22 І зьвярнулася Наомі, і Рут Моаўлянка, нявестка ейная зь ёю, зьвярнулася з палёў Моаўскіх, і яны прышлі да Бэтлеему на пачатку жніва ячменю.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.