1 да Карынцян 1 глава

Першы ліст сьв. Паўлы апостала да Карынцян
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Паўла, воляю Божаю пагуканы апостал Ісуса Хрыста, а Сосьфен брат,
 
Павел, з волі Божай пакліканы Апостал Хрыста Ісуса, і Сасфен, брат,

Царкве Божай, што ў Карынце, пасьвячаным у Хрысту Ісусу, пагуканым сьвятым, з усімі, што гукаюць імя Спадара нашага Ісуса Хрыста на кажным месцу, у іх і ў нас:
 
— Божай царкве, якая знаходзіцца ў Карынфе, асвечаным у Хрысце Ісусе, пакліканым святым, з усімі, хто заклікае ў кожным месцы імя нашага Госпада Ісуса Хрыста, у іх і ў нас:

Ласка вам а супакой ад Бога, Айца нашага, а Спадара Ісуса Хрыста.
 
ласка вам і мір ад Бога, нашага Бацькі, і Госпада Ісуса Хрыста.

Дзякую Богу свайму заўсёды за вас узглядам ласкі Божае, данае вам у Ісусу Хрысту,
 
Дзякую заўсёды майму Богу за вас, за ласку Божую, дадзеную вам у Хрысце Ісусе,

Што ўсім вы забагацелі ў Ім, усялякім словам і ўсялякім веданьням, —
 
бо вы ўсім узбагаціліся ў Ім — усялякім словам і ўсялякім веданнем,

Бо сьветчаньне Хрыстова ўмацавалася ў вас, —
 
таму што сведчанне Хрыстова ўмацавалася ў вас,

Так што вы ня маеце нястачы ні ў якім дару, чакаючы зьяўленьня Спадара нашага Ісуса Хрыста,
 
так што вы не маеце нястачы ні ў якім дары, чакаючы адкрыцця нашага Госпада Ісуса Хрыста;

Каторы і ўмацуе вас аж да канца быць бязьвіннымі на дзень Спадара нашага Ісуса Хрыста.
 
Які і ўмацуе вас да канца, каб вам быць беззаганнымі ў дзень нашага Госпада Ісуса [Хрыста].

Верны Бог, Каторым вы пагуканыя да ўзаем’я Сына Ягонага Ісуса Хрыста, Спадара нашага.
 
Верны Бог, Якім вы былі пакліканы ў супольнасць Яго Сына Ісуса Хрыста, нашага Госпада.

Вось жа малю вас, браты, імям Спадара нашага Ісуса Хрыста, каб усі вы гукалі адно, і ня было меж вас падзелаў, але каб вы супоўна задзіночыліся ў тэй самай думцы і ў тым самым паглядзе.
 
Малю ж вас, браты, і мем нашага Госпада Ісуса Хрыста, каб вы ўсе казалі адно, і не было між вамі падзелу, а былі паяднаныя ў адным і тым жа разуменні, і ў тых жа думках.

Бо ад Хлоіных стала імне ведама, браты мае, праз вас, што сьпярэчкі ё памеж вас.
 
Бо ад тых, хто з дома Хлоі, мне стала вядома пра вас, браты, што між вамі ёсць спрэчкі.

Я гукаю праз тое, што кажны з вас кажа: «Я запраўды Паўлаў», а «Я Аполосаў», а «Я Кіфін», а «Я Хрыстоў».
 
А кажу я гэта, бо кожны з вас кажа: «Я — Паўлаў». — «А я — Апалосаў». — «А я — Кіфаў». — «А я — Хрыстоў».

Нягож Хрыстос падзяліўся? альбо Паўла быў укрыжаваны за вас? альбо ў імя Паўлы вы хрысьціліся?
 
Ці ж падзяліўся Хрыстос? Хіба Павел быў укрыжаваны за вас? Ці ў імя Паўла вы хрысціліся?

Дзякую Богу, што нікога з вас ня хрысьціў, апрача Крыспа а Ґая,
 
Дзякую [Богу], што я нікога з вас не хрысціў, акрамя Крыспа і Гаія,

Што ніхто ня можа сказаць, што я хрысьціў у імя свае собскае.
 
каб не сказаў хто, што ў маё імя вы былі хрышчаны.

Але, я хрысьціў і дом Сьцепаноў; але балей ня ведаю, ці хрысьціў каго іншага.
 
Хрысціў жа я і Стэфанаў дом, больш не ведаю, ці хрысціў я каго іншага.

Бо Хрыстос не паслаў мяне хрысьціць, але абяшчаць дабравесьць, ня ў мудрасьці слова, каб ня быў змарнаваны крыж Хрыстоў.
 
Бо Хрыстос паслаў мяне не хрысціць, а дабравесціць, не ў мудрасці слова, каб не спустошыць крыжа Хрыстовага.

Бо слова праз крыж гінучым ё дурніна, але нам спасаным — сіла Божая.
 
Бо слова пра крыж для пагібельных — дурнота, а для нас, што ратуемся, — сіла Божая.

Бо напісана: «Загублю мудрасьць мудрыцоў, а розум разумных адхіну».
 
Бо напісана: «Знішчу мудрасць мудрых, і розум разумных адкіну».

Ідзе мудрэц? ідзе кніжнік? ідзе сьпярэчнік гэтага веку? Ці не абярнуў Бог мудрасьць гэтага сьвету ў дурноту?
 
Дзе мудрэц? Дзе кніжнік? Дзе спрачальнік гэтага веку? Ці не зрабіў Бог неразумнаю мудрасць [гэтага] свету?

Бо як сьвет мудрасьцяй не пазнаў Бога ў мудрасьці Божай, зьлюб Богу было дурнотаю абяшчаньня спасьці вернікаў.
 
Бо калі свет сваёю мудрасцю не пазнаў Бога ў мудрасці Божай, — то Богу даспадобы было праз неразумнасць прапаведзі выратаваць тых, хто веруе;

Бо Жыды вымагаюць знакоў, а Грэкі шукаюць мудрасьці;
 
бо і іудзеі дамагаюцца знакаў, і эліны шукаюць мудрасці,

Мы ж абяшчаем укрыжаванага Хрыста, Жыдом спадмана, а народам дурнота,
 
а мы абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, — для іудзеяў непрыстойнасць, а для язычнікаў1 — дурнота,

Але пагуканым, Жыдом і Грэкам, Хрыста, моц Божую а мудрасьць Божую;
 
для саміх жа пакліканых, і іудзеяў, і элінаў — Хрыста, Божую сілу і Божую мудрасць,

Бо дурнота Божая мудрэйшая за людзёў, а млявае ў Бога дужшае за людзёў.
 
таму што нямудрае Божае мудрэйшае за людзей, і слабое Божае мацнейшае за людзей.

Разважча, браты, хто вы пагуканыя, што ня шмат мудрых подле цела, ня шмат дужых, ня шмат дабрародных;
 
Бо паглядзіце, браты, на ваша пакліканне, што няшмат мудрых паводле цела2, няшмат моцных, няшмат высакародных;

Бо Бог абраў дурноту гэтага сьвету, каб засароміць мудрых, і Бог абраў млявае гэтага сьвету, каб засароміць дужасьць;
 
але Бог выбраў неразумнае свету, каб пасароміць мудрых, і слабое свету выбраў Бог, каб пасароміць моцнае,

І нізкое сьвету, і пагрэбаваных абраў Бог, і няіснуючае, каб існуючае зьнішчыць, —
 
і бязроднае свету і пагарджанае выбраў Бог, тое, чаго няма, каб знішчыць тое, што ёсць,

Так, каб не хвалілася перад Богам ніякае цела.
 
каб ніякае цела не выхвалялася перад Богам.

Ад Яго й вы ў Хрысту Ісусу, Каторы стаў нам мудрасьцю ад Бога, як і справядлівасьцю а пасьвячэньням а адкупленьням,
 
Але ад Яго вы ў Хрысце Ісусе, Які стаў мудрасцю нам ад Бога: і праведнасцю, і асвячэннем, і адкупленнем,

Як напісана: «Хто хваліцца, Спадаром хваліся».
 
каб, як напісана: «Той, хто хваліцца, няхай хваліцца Госпадам».

Примечания:

 
 
Пераклад Анатоля Клышкi
23 1: У некат. рукап.: элінаў.
26 2: Г. зн. паводле людской ацэнкі.
 


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.