Левіт 1 глава

Трэцяя кніга Масеява: Левіт
Пераклад Яна Станкевіча → Русского Библейского Центра

 
 

І гукнуў Масея, і казаў СПАДАР яму з будану збору, кажучы:
 

«Гукай сыном Ізраелявым і скажы ім: калі які чалавек дабліжа з вас дар СПАДАРУ, то калі із статку, дык із буйнога або з драбнога давайце вашы дары.
 

Калі ўсепаленьне ё дар ягоны з буйнога статку — самца бяз гану хай прывядзець да дзьвярэй будану збору, хай прывядзець яго самахоць перад СПАДАРА.
 

І ўзложа руку сваю на галаву ўсепаленьня, і яно будзе зьлюб за яго да ўчыненьня ласкі яму.
 

І зарэжа цялё перад СПАДАРОМ, і абракуць сынове Ааронавы, сьвятары, кроў і пакропяць крывёй ваўкола на аброчнік, каторы ля ўходу будану збору.
 

І аблупе аброк усепаленьня, і разатнець яго на кавалкі ягоныя.
 

І паложаць сынове Аарона, сьвятара, агонь на аброчнік, і разложаць дровы на агню.
 

І разложаць сыны Ааронавы, сьвятарове, кавалкі, галаву а тук на дровах, каторыя на цяпле, што на аброчніку.
 

А патрыхі а ногі ягоныя вымые ён вадою, і спале сьвятар усе на аброчніку: гэта ўсепаленьне, аброк агняны, пах прыемны СПАДАРУ.
 

А калі з драбнога статку дар ягоны, з авец або з козаў на ўсепаленьне, самца няхай абрачэць.
 

І зарэжа яго на паўночным баку аброчніка перад СПАДАРОМ, і пакропяць сынове Ааронавы, сьвятарове, крывёй яго на аброчнік наўкола.
 

І разатнуць яго на кавалкі, і галаву ягоную й тук ягоны, і разложа іх сьвятар на дровах, каторыя на цяпле, што на аброчніку.
 

А патрыхі а калені вымыюць вадою, і абрачэць сьвятар усе, і спале на аброчніку: усепаленьне яно, аброк агняны, пах прыемны СПАДАРУ.
 

А калі з птушак усепаленьням дар ягоны СПАДАРУ, хай дабліжа з туркоў або з галубянят.
 

І дабліжа яго сьвятар да аброчніка, і скруце яму галаву, і спале на аброчніку, а кроў выцісьне да сьцяны аброчніка;
 

І здыйме вальляк ягоны зь пер’ям ягоным, і кіне яго ля аброчніка на ўсходнім баку, у месца, ідзе попел.
 

І надарвець яго ў крылах ягоных, каторых, адылі, не адарвець, і спале яго сьвятар на аброчніку на дровах, каторыя на цяпле: гэта ўсепаленьне, аброк агняны, пах прыемны СПАДАРУ.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.