Сохоні 1 глава

Кніга прарокі Сохоні
Пераклад Яна Станкевіча → Русского Библейского Центра

 
 

Слова СПАДАРОВА, што было да Сохоні, сына Хусі, сына Ґедалі, сына Аморы Гэзэчонка за дзён Ёсі Амонёнка, караля Юдэйскага.
 

«Супоўна зьнішчу ўсе зь віду зямлі, — агалашае СПАДАР: —
 

Зьнішчу людзіну й статак; зьнішчу птушкі нябёсныя і рыбу морскую, і спадманы нягоднікаў; і адатну чалавека ізь зямлі, — агалашае СПАДАР.
 

І выцягну руку Сваю на Юдэю і на ўсіх жыхараў Ерузаліму; і адатну з гэтага месца астачу Ваала, і імя службітоў балвановых ізь сьвятарамі,
 

І тых, што кланяюцца на стрэхах войску нябёснаму, і тых, што кланяюцца і што прысягаюць СПАДАРОМ, і што прысягаюць каралём сваім,
 

І тых, што адвярнуліся ад СПАДАРА, і тых, што ня гукалі СПАДАРА ані пыталіся празь Яго».
 

Змоўкні ў прытомнасьці Спадара СПАДАРА, бо блізка дзень СПАДАРОЎ, бо прыгатаваў СПАДАР аброк, пасьвяціў пазваных сваіх.
 

І станецца ў дзень аброку СПАДАРОВАГА: «Я даведаюся да князёў а да сыноў каралеўскіх а да таковых, што адзяюцца ў вадзецьце чужаземскае;
 

Таго самага дня даведаюся да ўсіх тых, што скачуць пераз парог, што напаўняюць дамы гаспадара свайго ўсілствам а ашукаю.
 

І станецца таго дня, — агалашае СПАДАР, — гук галашэньня ад Рыбнае брамы, і вык ад другое, і вялікі грукат ад узгоркаў.
 

Выйце, жыхары Мактэшу, бо ўвесь канаанскі люд будзе сьцяты, усі абешаныя срэбрам выгублены.
 

І станецца ў тым часе, што Я ізь сьвечкамі прасачу Ерузалім і даведаюся да людзёў, што ськісьлі на бузе сваёй, што кажуць у сэрцу сваім: "СПАДАР ня робе ані дабра, ані ліха".
 

І маемасьць іхная стане здабыткам, а дамы іхныя — спусьценьням; пастановяць дамы, але ня будуць жыць у іх; і пасадзяць вінішчы, але ня будуць піць віна зь іх».
 

Блізка вялікі дзень СПАДАРОЎ, блізка й вельма барзьдзіць; чуваць голас дня СПАДАРОВАГА; дужасіл там горка загалосе.
 

Дзень гневу дзень тый, дзень немарасьці а гароты, дзень выгубленьня а спустошаньня, дзень болак а туману,
 

Дзень трубы а гуку на ўмацаваных местах а на высокіх вежах.
 

І прывяду гароту на людзёў, і яны будуць хадзіць, як нявісныя, бо яны ізграшылі супроці СПАДАРА; і кроў іхная будзе выліта, як пыл, і цела іхнае, як гной.
 

Ані срэбра іхнае, ані золата іхнае ня зможа вывальніць іх у дзень гневу СПАДАРОВАГА, але агнём завісьці Ягонае пажэрта будзе ўся зямля, бо канец, ды борзды, зробе ўсім жыхарам гэтае зямлі.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.