1 Самуйлава 1 глава

Першая кніга Самуйлава
Пераклад Яна Станкевіча → Русского Библейского Центра

 
 

І быў адзін чалавек із Рамафаім-Цофіму, з гары Яхрэмавае; а імя ягонае Елкана, сын Ерогама, сына Елігу, сына Тогу Цуфянка, Ефрафянін.
 

І ў яго былі дзьве жонкі: імя аднае Ганна, а імя другое Пенінна; і былі ў Пенінны дзеці, у Ганны ж ня было дзяцей.
 

І ўзыходзіў чалавек гэты зь места свайго год у год кланяцца а абракаць СПАДАРУ войскаў у Шыле; і там два сыны Ілевы, Гофні а Фінегас, сьвятары СПАДАРОВЫ.
 

І быў дзень, і абракаў Елкана, і даў Пенінне, жонцы сваёй, і ўсім сыном ейным а дачкам ейным часьці;
 

Ганьне даў часьць падвойную, бо Ганну любіў, а СПАДАР зачыніў дзетніцу ейную.
 

І ўражала яе супарка ейная аж да гневу а дрыготы, што СПАДАР зачыніў дзетніцу ейную.
 

І гэтак бывала кажны год, як узыходзіла яна да дому СПАДАРОВАГА; тая ўражала яе да гневу, а гэта плакала й ня ела.
 

І сказаў ёй Елкана, муж ейны: «Ганна! чаму ты плачаш, і чаму не ясі, і чаму блага сэрцу твайму? Ці ня лепшы я табе за дзесяцёх сыноў?»
 

І ўстала Ганна просьле тога, як ела ў Шыле, і просьле тога, што піла. Іль жа сьвятар сядзеў на седаве ля вушака сьвятыні СПАДАРОВАЕ.
 

І была яна ў гарчэлі душы, і малілася СПАДАРУ, і плачма плакала.
 

І абяцала абятніцу, і сказала: «СПАДАРУ войскаў! калі Ты запраўды глянеш на немарасьць служэбкі Свае, і ўспомніш мяне, і не забудзешся служэбкі Свае, і дасі служэбцы Сваёй насеньне мужчынскае, то я аддам яго СПАДАРУ на ўсі дні жыцьця ягонага, і брытва ня ўзыйдзе на галаву ягоную».
 

І сталася, як яна далей малілася перад відам СПАДАРОВЫМ, і Іль назіраў за вуснамі ейнымі,
 

І Ганна гукала ў сэрцу сваім, і вусны ейныя толькі краталіся, а голасу ня было чутна ейнага, дык Іль замеў яе за п’яніцу.
 

І сказаў ёй Іль: «Пакуль ты будзеш п’яная? аддаль віно свае ад сябе».
 

І адказала Ганна, і сказала: «Не, спадару мой; жонка цяжкога духу я, а віна а хмельнага напітку я ня піла, але вылівала душу сваю перад СПАДАРОМ.
 

Ня май служэбкі свае за дачку Веляла, бо зь вялікага мышленьня свайго а гневу свайго я гукала дагэтуль».
 

І адказаў Іль, і сказаў: «Ідзі ў супакою, і Бог Ізраеляў дай жа табе на просьбу тваю, чаго ты прасіла ў Яго».
 

Яна сказала: «Хай прыдбае нявольніца твая ласку ў ваччу тваім!» І пайшла тая жонка ў дарогу сваю, і ела, і від ейны ня быў ужо, як уперад. І ўсталі яны нараніцы, і пакланіліся перад СПАДАРОМ, і зьвярнуліся, і прышлі да дому свайго, да Рамы.
 

І пазнаў Елкана Ганну, жонку сваю, і ўспомніў празь яе СПАДАР.
 

І было ў прызначанай пары: зачала Ганна, і нарадзіла сына, і назвала імя ягонае: Самуйла; бо: «У СПАДАРА я выпрасіла яго».
 

І ўзышоў чалавек тый Елкана і ўся радзіма ягоная абрачы СПАДАРУ аброк годні й абятніцы свае.
 

А Ганна ня ўзышла, бо сказала яна мужу свайму: «Не пайду, пакуль не адвучу хлопчыка, і тады я прывяду яго, і мы абачым від СПАДАРОЎ, і застанецца там назаўсёды».
 

І сказаў ёй Елкана, муж ейны: «Рабі, што добра ў ваччу тваім; заставайся, пакуль не адвучыш яго; адно хай зацьвердзе СПАДАР слова Свае». І засталася жонка, і саіла сына свайго, пакуль не адвучыла яго.
 

І ўзьвяла яго із сабою, як адвучыла, узяўшы тры цяляты-бычкі а ефу мукі а скураны мех віна, і прывяла яго да дому СПАДАРОВАГА ў Шыле; а хлопчык быў яшчэ дзецянё.
 

І зарэзала цялё, і прывялі хлопчыка да Іля.
 

І сказала: «О спадару мой! хай жывець душа твая, спадару мой! Я — тая жонка, каторая стаяла тут із табою, каб маліцца СПАДАРУ;
 

Праз гэтага хлопчыка малілася я, і даў імне СПАДАР на просьбу маю, чаго я прасіла ў Яго;
 

І таксама я пазычаю яго СПАДАРУ на ўсі дні, на каторыя ён пазычаны СПАДАРУ». І пакланілася там СПАДАРУ.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.