Да Піліпян 1 глава

Ліст сьвятога Паўлы апостала да Піліпян
Пераклад Яна Станкевіча → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Паўла а Цімох, нявольнікі Ісуса Хрыста, да ўсіх сьвятых у Хрысту Ісусу, каторыя ў Піліпах, зь япіскапамі а дзяканамі:
 

Ласка вам а супакой ад Бога, Айца нашага, а Спадара Ісуса Хрыста!
 

Дзякую Богу свайму пры кажным успаміне вас,
 

Заўсёды ў кажным маленьню сваім чынячы з радасьцяй малітву за ўсіх вас,
 

За ўзаем’е ваша ў Евангелі ад першага дня аж дагэтуль,
 

Маючы давер у тым, што тый, хто пачаў у вас добрую справу, сконча яе да дня Ісуса Хрыста;
 

Як справядліва імне думаць гэта праз усіх вас, бо я маю вас у сэрцу сваім; як у зялезах маіх, так і ў вабароне а ў пацьверджаньню Евангелі вы ўсі ўчасьнікі ў ласцы маёй.
 

Бо Бог сьветка імне, як тужу я па ўсіх вас любосьцяй нутра Хрыста Ісуса.
 

І малюся праз тое, каб міласьць ваша яшчэ балей а балей мнажылася ў супоўным знацьцю а ўсялякім разуменьню;
 

Каб вы маглі дазнаць розьніцы, каб вы маглі быць шчырымі а беззаганнымі на дзень Хрыстоў,
 

Напоўненыя пладамі справядлівасьці Ісусам Хрыстом на славу а пахвалу Божую.
 

Я хацеў бы, браты, каб вы ведалі, што акалічнасьці, у каторых я апынуўся, вышлі на дасьпех Евангелі;
 

Так што зялезы мае ў Хрысту сталі ведамнымі ўсёй прэторы а ўсім іншым;
 

І бальшыня з братоў у Спадару, асьмеліўшыся зялезамі маімі, адважна гукаюць слова Божае. бяз страху.
 

Некатрыя, праўда, із завідасьці а супарства, але некатрыя таксама з добрае волі абяшчаюць Хрыста.
 

Гэтыя запраўды зь міласьці, ведаючы, што я прызначаны да абароны Дабравесьці;
 

А гэныя дзеля супарства абяшчаюць Хрыста, ня ў чысьціні, думаючы, што прыдадуць атугі да зялезаў маіх.
 

Дык што? Якім бы парадкам абяшчалі Хрыста, прыдаючыся ці ў праўдзе, я з гэтага цешуся і буду цешыцца;
 

Бо я ведаю, што гэта будзе імне на спасеньне, вашай малітваю й даставаю Духа Ісуса Хрыста,
 

Подле гарачага чаканьня а надзеі мае, што я ні ў чым ня буду паганбены, але з усёй адвагаю, як заўсёды, таксама цяпер Хрыстос будзе ўзьвялічаны ў целе маім, ці то жыцьцём, ці сьмерцяй.
 

Бо імне жыцьцё —Хрыстос, а сьмерць — прыдбаньне.
 

Але калі жыцьцё ў целе даець плодную працу імне, то што абраць, я яшчэ не пераканаўся.
 

Цягне мяне адно й другое: маю зычэньне адыйсьці й быць із Хрыстом, бо гэта шмат ляпей;
 

А заставацца ў целе патрабней дзеля вас.
 

І, маючы пэўнасьць гэтага, я ведаю, што застануся й пабуду з вамі ўсімі дзеля дасьпеху вашага а радасьці веры,
 

Каб пахвала ваша ў Хрысту Ісусу памнажылася перазь мяне прытомнасьцяй маёй ізноў у вас.
 

Адно няхай паступак будзе годны дабравесьці Хрыстовае, каб, ці я прыйду і абачу вас, ці, няпрытомны, пачуў праз вас, што вы стаіце ў вадным духу, аднэй душою, разам сілуючыся за веру евангельскую,
 

І не лякайцеся ні ў чым праціўнікаў; гэта ім ё довад загіны, а вам — спасеньня. І гэта ад Бога;
 

Бо вам дана дзеля Хрыста ня толькі верыць у Яго, але й цярпець за Яго,
 

Маючы тое самое змаганьне, што бачылі ў імне і цяпер чуеце празь мяне.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.